Маторнае паліва з казахстанскай нафты Беларусь зможа пастаўляць толькі на ўнутраны рынак
Міністэрства энергетыкі Казахстана вынесла на грамадскае абмеркаванне праект міжурадавага пагаднення аб пастаўках нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь. Абмеркаванне ў Казахстане працягнецца да 24 лістапада.
Згодна з праектам пагаднення, казахстанская нафта і нафтапрадукты будуць пастаўляцца ў Беларусь трубаправодным або чыгуначным транспартам без прымянення вывазных мытных пошлін.
Пры гэтым вызначана, што беларускія прадпрыемствы змогуць вывозіць за межы Беларусі толькі мазут і нафтавы кокс, выпрацаваныя з казахстанскай нафты.
Такім чынам, астатнія нафтапрадукты, вырабленыя з казахстанскай нафты, падлягаюць рэалізацыі толькі на беларускім рынку. Аб выкананні прынятых абавязацельстваў канцэрн „Белнафтахім” павінен будзе рэгулярна даваць справаздачу перад казахстанскім бокам, а ў выпадку парушэння абавязацельстваў Казахстан можа прыпыніць пастаўкі нафты на беларускія заводы.
У праекце пагаднення гаворыцца, што дакумент будзе дзейнічаць да канца 2024 года.
У сакавіку гэтага года віцэ-міністр гандлю і інтэграцыі Казахстана Кайрат Тарэбаеў заявіў, што яго краіна гатовая пастаўляць нафту ў Беларусь пры ўмове, калі беларускі бок гарантуе недапушчэнне рээкспарту казахстанскай нафты і нафтапрадуктаў.
„Спадзяемся, што беларускія калегі змогуць правільна адміністраваць гарантыі, што не будзе рээкспарту і тая нафта, якая ў Беларусі будзе перапрацоўвацца, будзе выкарыстоўвацца ўнутры краіны”, — заявіў віцэ-міністр, размаўляючы ў Менску з журналістамі.
У пачатку гэтага года Аляксандр Лукашэнка ўпаўнаважыў урад на перамовы з Казахстанам аб пастаўках нафты і нафтапрадуктаў.
Раней ён неаднаразова згадваў Казахстан у ліку краін, адкуль магчыма наладзіць пастаўкі нафты ў Беларусь. Гэтае пытанне ў тым ліку абмяркоўвалася ў кастрычніку мінулага года падчас яго афіцыйнага візіту ў Казахстан. Раней Лукашэнка публічна скардзіўся, што Расея не дазваляе транспартаваць у Беларусь казахстанскую нафту цераз сваю тэрыторыю.