МАЗ адкрыў ва Украіне гандлёва-сэрвісны цэнтр спецыяльнай тэхнікі
Менскі аўтамабільны завод 12 мая адкрыў у Броварах Кіеўскай вобласці Украіны гандлёва-сэрвісны цэнтр спецыяльнай тэхнікі, паведаміла прэс-служба беларускага прадпрыемства.
У адкрыцці цэнтра ТАА „НВА НТ „Будшляхмаш” (афіцыйнага дылера Менскага аўтазавода ва Украіне) удзельнічалі дэлегацыя прадпрыемства на чале з генеральным дырэктарам Валерыем Іванковічам і пасол Беларусі ва Украіне Ігар Сокал.
Прэс-служба адзначыла, што кампанія „НВА НТ „Будшляхмаш” стала першым карпаратыўным партнёрам ва Украіне па вытворчасці спецыяльнай тэхнікі на базе шасі „МАЗ”.
„Новы сучасны комплекс — гэта чарговы этап развіцця тавараправоднай сеткі Менскага аўтамабільнага завода ва Украіне. Вытворчае прадпрыемства складаецца з нарыхтоўчага, механічнага, слясарнага і зварачна-зборачнага ўчасткаў, а таксама малярнага падраздзялення, якія ўтвараюць структуру зборачнага цэха, — адзначыла прэс-служба. — Гэты цэнтр цалкам забяспечвае гарантыйнае і сэрвіснае абслугоўванне вырабленай спецтэхнікі, у тым ліку пры дапамозе мабільных рамонтных брыгад”.
Пасля цырымоніі адкрыцця цэнтра прайшлі перамовы, на якіх асаблівая ўвага надавалася фармаванню ўмоў працы па гандлі і рэалізацыі прадукцыі МАЗа ў 2021 годзе.
Як паведамлялася, 22 красавіка стала вядома, што Украіна ўводзіць спецыяльную пошліну памерам 35% ад мытнага кошту на аўтобусы і іншыя транспартныя сродкі беларускай вытворчасці. Міжведамаснай камісіяй па міжнародным гандлі ўсталяваныя „факты дыскрымінацыйных і недружалюбных дзеянняў з боку Рэспублікі Беларусь адносна законных правоў і інтарэсаў суб’ектаў знешнеэканамічнай дзейнасці Украіны — прадпрыемстваў аўтамабілебудавання”.
Камісія высветліла, што беларускім урадам „створаныя штучныя бар’еры ў дачыненні да імпартаваных з Украіны колавых транспартных сродкаў у выглядзе ўтылізацыйнага збору і няроўных умоў удзелу ў дзяржаўных закупках, у выніку чаго абцяжарваецца доступ прадукцыі ўкраінскіх прадпрыемстваў на рынак Беларусі”.
24 красавіка МАЗ заявіў, што сумесна з афіцыйным дыстрыб’ютарам ТАА „Гандлёвы Дом „МАЗ-Украіна” працягвае сваю працу на рынку Украіны ў звычайным рэжыме. У заяве падкрэслівалася, што рынак Украіны для МАЗа — адзін са стратэгічна важных. „Пастаўкі ва Украіну тэхнікі МАЗ, у тым ліку і пасажырскай, працягнуцца пасля 1 мая ў поўным аб’ёме і ў названыя тэрміны. Таварыства з абмежаванай адказнасцю з замежнымі інвестыцыямі „Гандлёвы Дом „МАЗ-Украіна” працягвае функцыянаваць і выконваць усе свае абавязацельствы перад спажыўцамі. Хочам падкрэсліць, што ўсе кліенты Гандлёвага дома „МАЗ-Украіна” атрымаюць надзейную і камфортную аўтатэхніку МАЗ згодна агаворанай колькасці і дакладна ў тэрмін”, — падкрэслівалі на прадпрыемстве.