МАЗ спыніўся больш чым на 2 тыдні (абноўлена)



Менскі аўтазавод ня будзе працаваць з 25 снежня да 11 студзеня. Пра гэта піша praca-by.info.

Як кажуць рабочыя, у асобныя дні на працу выйдзе абмежаваная колькасць супрацоўнікаў. Іх навагодні адпачынак не аплачваецца. Адзінае што – выплацілі па 500 тысячаў рублёў за эканомію паліўна-энэргетычных рэсурсаў.

konveyer-maza

Паводле эканамічнага аглядальніка Міхася Залескага прастоі на беларускіх прадпрыемствах непасрэдна звязаныя з палітыкай Еўразійскага саюза, у які ўваходзіць і Беларусь:

— Паводле звестак, якімі я карыстаюся, а я гляджу індэкс RTSI на агенцтве Bloomberg, і  бачу, што ўжо 6 гадоў расейскі фондавы індэкс зніжаецца пад адным і тым самым вуглом да гарызонту. І вось гэтае зніжэнне расейскай эканомікі, якое забірае палову нашага экспарту і дае нам значную частку імпарту, то бок усе паліўныя рэсурсы, яно і зніжае нашу эканоміку. Нізкі ўзровень дыверсіфікацыі знешняга гандлю.  

Спыняюцца на вакацыі і іншыя буйныя прадпрыемствы, што ўваходзяць у холдынг “Белаўтамаз”.

Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод ня будзе працаваць таксама з 25 снежня да 11 студзеня, такі ж завод у Асіповічах – з 30 снежня да 11 студзеня.

Беларускае Радыё Рацыя