МАЗ у ліпені апусціўся на 8-е месца на расейскім рынку грузавікоў



Менскі аўтамабільны завод у ліпені заняў восьмае месца па продажы на расейскім рынку грузавых аўтамабіляў. Такія звесткі прыводзіць расійскае агенцтва „Аўтастат”, што спецыялізуецца на вывучэнні рынку транспартных сродкаў Расеі.

У студзені-ліпені 2017 года Менскі аўтамабільны завод прадаў на расейскім рынку 1.958 грузавых аўтамабіляў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года рэалізацыя беларускай тэхнікі на расейскім рынку павялічылася на 14,8%.

За сем месяцаў 2017 года аб’ём рынку новых грузавых аўтамабіляў у Расеі склаў 38,2 тыс. адзінак, што на 43,8% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

У ліпені на расейскім рынку было прададзена 6.652 грузавых аўтамабіля (транспартных сродкаў масай большай за 3,5 тоны). Лідарам заставаўся КАМАЗ, на долю якога прыпала больш за 30% ад агульнага аб’ёму рэалізацыі.

Менскі аўтамабільны завод паводле вынікаў ліпеня заняў на расейскім рынку восьмае месца, рэалізаваўшы за месяц 310 грузавых аўтамабіляў (на 1,9% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года).

Да лютага 2017-га на працягу шэрагу гадоў Менскі аўтамабільны завод па ўзроўні продажу транспартных сродкаў на расейскім рынку займаў трэцяе месца. Аднак вясной у лік лідараў выйшлі нямецкі Mercedes, шведскія Scania і Volvo, а таксама японская аўтамабілебудаўнічая кампанія Isuzu.

Як следства, пазіцыі МАЗа на расейскім рынку ў другім квартале пагоршыліся.

Расея выступае галоўным рынкам збыту тэхнікі, якую выпускае Менскі аўтамабільны завод. Гендырэктар МАЗа Дзмітрый Кацярыніч восенню 2016 года заяўляў аб планах прадпрыемства павялічыць долю экспартных паставак у агульным аб’ёме продажу прадпрыемства з 75 да 87%.

Варта адзначыць, што ў 2016 годзе МАЗ спрацаваў з чыстай стратай у 81,7 млн рублёў. Справаздача кампаніі аб прыбытку і стратах за мінулы год сведчыць аб тым, што адмоўны вынік дзейнасці прадпрыемства з’яўляецца следствам значных фінансавых абавязацельстваў, якія даводзіцца абслугоўваць прадпрыемству.

Наведваючы Менскі аўтамабільны завод у 2016 годзе, Аляксандр Лукашэнка выказаў гатоўнасць аказаць дзяржпадтрымку прадпрыемству, але толькі пад канкрэтныя рынкі збыту. „Вы атрымаеце грошы, магчыма і кітайскія крэдыты, толькі тады, калі пакажаце, што ў вас ёсць рынкі, куды прадасце гэтую прадукцыю. У іншым выпадку не дадзім ні капейкі”, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.