Мазырскі НПЗ пачаў перапрацоўку першай партыі азербайджанскай нафты
Мазырскі НПЗ пачаў перапрацоўку першай партыі азербайджанскай нафты, паведаміў 17 сакавіка журналістам прэс-сакратар канцэрна „Белнафтахім” Аляксандр Цішчанка.
„Нафта з першага танкера ў Адэсе паступіла па нафтаправодзе на Мазырскі НПЗ. Завод пачаў яе перапрацоўку”, – сказаў Аляксандр Цішчанка.
Сыравіна дастаўлена з Адэсы на беларускі завод па трубаправодзе.
Як паведамлялася, дзяржаўная нафтавая кампанія Азербайджана Socar паставіць у сакавіку ў Беларусь каля 250 тыс. т нафты. Два з трох танкераў ужо даставілі сыравіну ў Адэсу. Старшыня канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў паведамляў, што Socar у 2020 годзе можа паставіць у Беларусь да 1 млн т нафты.
Акрамя таго, у сакавіку ў порце Клайпеды чакаюць чатыры танкеры з нафтай для Беларусі. Першы з іх прыбыў у літоўскі порт 4 сакавіка, яшчэ адзін 17 сакавіка.
Пастаўкі ад вялікіх нафтавых кампаній з Расеі спынены 1 студзеня з-за таго, што не былі дасягнуты дамоўленасці па цане. Як растлумачыў першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой, Беларусь лічыць эканамічна немэтазгодным і бессэнсоўным плаціць прэміі расійскім нафтавым кампаніям у ранейшых аб’ёмах. Прэм’ер-міністр Сяргей Румас 11 сакавіка паведаміў, што Беларусь прадставіла Расіі новыя прапановы па пастаўках нафты.
Сумарны аб’ём паставак нафты з розных крыніц на беларускія НПЗ у сакавіку складзе каля 1 млн т. У студзені і лютым яны працавалі на загрузцы 50 працэнтаў і перапрацавалі каля 1,8 млн т нафты.