Мазырскі НПЗ плануе павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90%
Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод плануе перапрацаваць амаль 10 млн тон нафты ў гэтым годзе і мае намер у выніку цяперашняй мадэрнізацыі павялічыць глыбіню перапрацоўкі сыравіны да 90%, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара Мазырскага НПЗ Алег Пратасаў.
Выступаючы 9 красавіка ў Менску на міжнароднай канферэнцыі „Нафтагазавыя рынкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы”, арганізаванай кампаніяй Confidence Capital, прадстаўнік Мазырскага НПЗ адзначыў, што аб’ём перапрацоўкі нафты на заводзе ў 2019-м захаваецца на ўзроўні мінулага года.
„У 2019 годзе мы плануем атрымаць 9,75 млн тон нафты, што адпавядае нафтаваму балансу Беларусі і Расеі”, — паведаміў Пратасаў.
Паводле яго слоў, каля 10% сыравіны ў 2018—2019 гадах паступае на завод на давальніцкіх умовах, 90% завод закупляе самастойна.
Намеснік генеральнага дырэктара Мазырскага НПЗ падкрэсліў, што ў 2014—2015 гадах доля сыравіны, якая пастаўляецца на давальніцкіх умовах, была значна вышэйшай. „Пасля змены цэн на нафту і дысбалансу цаны рэалізацыі нафтапрадуктаў, зніжэння перапрацоўкі нафты, доля давальніцкай сыравіны на заводзе значна паменшылася”, — канстатаваў Пратасаў.
Ён паведаміў, што ў мінулым годзе завод рэалізаваў 9,4 млн тон нафтапрадуктаў, з іх 3 млн тон было рэалізавана на ўнутраным рынку, астатняе — на знешніх.
„Доля ўнутранага рынку ў агульнай рэалізацыі ў 2018 годзе ў параўнанні з 2017-м павялічылася на 400—450 тыс. тон. Гэта звязана з больш высокім попытам на нафтапрадукты на ўнутраным рынку, а таксама з розніцай цэн у краіне і ў сумежных дзяржавах”, — растлумачыў прадстаўнік НПЗ.
Адказваючы на пытанні ўдзельнікаў канферэнцыі пра ўплыў на завод падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расеі, Пратасаў расказаў аб планах па павышэнні глыбіні перапрацоўкі нафты.
„Якасць выпусканай прадукцыі з-за гэтага (падатковага манеўру.) горшай не стане. Мы пры любых цэнах будзем выпускаць высакаякасную прадукцыю і дзякуючы гэтаму — канкурыраваць з еўрапейскімі заводамі”, — заявіў Пратасаў.
Ён паведаміў, што ў выніку бягучай мадэрнізацыі завод плануе павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты з цяперашніх 74—78% да 90%.
„Натуральна, мы разумеем, што кошт уваходнай нафты з-за падатковага манеўру павялічыцца. Каб быць канкурэнтаздольнымі ў новых умовах, мы і праводзім мадэрнізацыю”, — адзначыў Пратасаў.