Мазырскі НПЗ за год скараціў чысты прыбытак амаль у 39 разоў



Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод па выніках 2018 года атрымаў чысты прыбытак у памеры 3,9 млн рублёў, гаворыцца ў апублікаванай прадпрыемствам фінансавай справаздачнасці.

У параўнанні з 2017 годам чысты прыбытак прадпрыемства паменшыўся ў 38,5 разу. Нагадаем, у пазамінулым годзе завод атрымаў больш як 150 млн рублёў у выглядзе чыстага прыбытку.

Як сведчыць фінансавая справаздачнасць, выручка нафтаперапрацоўчага завода ад рэалізацыі прадукцыі ў мінулым годзе вырасла на 40,2% да 8,09 млрд рублёў. Адначасова з гэтым павялічыўся і сабекошт прадукцыі на 46,8% да 7,75 млрд рублёў.

Нагадаем, канцэрн „Белнафтахім” у 2018 годзе неаднаразова паведамляў пра тое, што павелічэнне ўваходнай цаны на нафту (на фоне дзяржрэгулявання цэн на паліва на ўнутраным рынку) негатыўна адбіваецца на фінансавым становішчы нафтаперапрацоўчых заводаў. У сувязі з гэтым канцэрн ініцыяваў паэтапнае падвышэнне цэн на нафтапрадукты на ўнутраным рынку.

Намеснік генеральнага дырэктара Мазырскага НПЗ Алег Пратасаў на гэтым тыдні ў кулуарах міжнароднай канферэнцыі „Нафтагазавыя рынкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы” адмовіўся каментаваць журналістам фінансавыя вынікі дзейнасці прадпрыемства.

Адказваючы на пытанні ўдзельнікаў канферэнцыі пра ўплыў на завод падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расеі, прадстаўнік НПЗ расказаў аб планах па падвышэнні глыбіні перапрацоўкі нафты, што дазволіць павялічыць эфектыўнасць перапрацоўкі.

„Якасць выпусканай прадукцыі з-за гэтага (падатковага манеўру. — БелаПАН.) горшай не стане. Мы пры любых цэнах будзем выпускаць высакаякасную прадукцыю, і дзякуючы гэтаму будзем канкурыраваць з еўрапейскімі заводамі”, — заявіў Пратасаў.

Ён паведаміў, што ў выніку бягучай мадэрнізацыі завод плануе павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты з цяперашніх 74—78% да 90%.

„Натуральна, мы разумеем, што кошт уваходнай нафты з-за падатковага манеўру павялічыцца. Каб быць канкурэнтаздольнымі ў новых умовах, мы і праводзім мадэрнізацыю”, — адзначыў Пратасаў.

БелаПАН