Мэбля – найважнейшы экспартны тавар Беларусі
Мэбля стала найважнейшым экспартным таварам Беларусі на еўрапейскія рынкі, паведамляе Der Spiegel.
Выданне нагадвае, што ў адрозненне ад драўніны, нафты, сталі ці штучных угнаенняў, мэбля з Беларусі не падпадае пад санкцыі, накладзеныя Бруселем на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Пасля пачатку вайны ва Украіне экспарт мэблі з Беларусі спачатку скараціўся, але потым стабілізаваўся. Цяпер дамовы з беларускімі экспарцёрамі эфектыўна рэалізуюцца, што пацвярджаюць актуальныя мытныя дадзеныя з розных еўрапейскіх краін. Паводле іх, за першыя шэсць месяцаў бягучага года краіны Еўразвязу набылі ў Беларусі мэблю на 97,2 мільёна еўра. Найбольшая частка гэтага імпарту прыпадае на Польшчу і Германію, за імі ідуць Нідэрланды, Літва, Латвія, Румынія, Эстонія і Францыя, піша polskieradio.pl.
Золатавалютныя запасы выраслі да найбольшага за год узроўню
Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў кастрычніку паказалі рэкордны аб’ём сёлета. Яны выраслі адразу на 222 мільёны даляраў і складаюць цяпер 8 мільярдаў 147 мільёнаў даляраў. Найменшы ўзровень рэзерваў быў зафіксаваны ў сакавіку, калі ён склаў 7 мільярдаў 769 мільёнаў даляраў.
Згодна з планамі Нацыянальнага банка, залаты запас краіны да канца года павінны скласці не менш за шэсць мільярдаў даляраў.
Тым, хто з’ехаў з краіны, могуць пералічыць камуналку
Грамадзянам, якія лічацца незанятымі ў эканоміцы і сплачваюць камуналку па поўных тарыфах, змогуць пералічыць камуналку заднім чыслом, калі на тое будуць падставы. Гэта прапісана ў пастанове урада №756, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Што гэта значыць? Спісы незанятых у эканоміцы абнаўляюць раз на тры месяцы. Калі былі падставы лічыць чалавека дармаедам (а да незанятых у эканоміцы адносяць тых, хто выехаў з краіны больш чым на 30 дзён) раней, а ў спіс ён трапіў толькі цяпер, то камуналку за папярэднія месяцы могуць пералічыць па поўных тарыфах заднім чыслом. Пастанова набывае моц пасля апублікавання, заўважае “Наша Ніва”.
Нацбанк выпусціў прамавугольную памятную манету “Беларуская батлейка”
Нацыянальны банк Беларусі аб’явіў пра выпуск у абарачэнне памятнай манеты “Беларуская батлейка” і манет серыі “Архітэктурная спадчына Беларусі”.
Манета “Беларуская батлейка” мае незвычайную прамавугольную форму. У абарачэнне выпускаецца сярэбраны 50-рублёвік са сплаву пробай 925. Тыраж манеты 599 штук. На аверсе манеты размешчана выява двух’яруснай батлейкі са сцэнай са спектакля “Цар Ірад”, злева і справа ад яе – анёлы, якія граюць на музычных інструментах. На рэверсе прысутнічае фрагмент верхняга яруса батлейкі з біблейскім сюжэтам, унізе – надпіс БАТЛЕЙКА; злева і справа ад батлейкі – вешчуны, якія прыносяць дары немаўляці Езусу.
Манеты серыі „Архітэктурная спадчына Беларусі” маюць намінал 2 рублі, іх тыраж 25 тысяч штук у кожнай, піша reform.by.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: fbc.ua