Мечыслаў Гой адзначыў актыўнасць польскага капіталу ў СЭЗ „Гроднаінвест”
Польшча – чацьвёрты партнёр Гародні па экспарце беларускай прадукцыі. Пра гэта ў размове з карэспандэнтам нашага радыё распавёў старшыня Гарадзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, які ўдзельнічае ва Усходнім эканамічным кангрэсе ў Беластоку.
Па яго словах, у апошнія гады адзначаюцца поспехі ў стварэнні прадпрыемстваў з польскім капіталам у межах свабоднай эканамічнай зоны “Гроднаінвест”.
– Яскравы прыклад, які я заўсёды прыводжу, гэта праца нашага прадпрыемства “Тайфун”, якое ўваходзіць у міжнародную групу Atlas. Гэта кампанія, якая актыўна развіваецца і прапануе добрыя ўмовы працы, і з добрай аплатай гэтай працы. Літаральна некалькі месяцаў таму ў Гародні зарэгістравалі кампанію “Габі-БЕЛ”, якая будзе займацца вытворчасцю мэблі. Гэта будзе дастаткова вялікае прадпрыемства, на якім плануецца прыкладна 450 чалавек работнікаў. Гэта высокатэхналагічнае прадпрыемства, якое будзе працаваць на рынкі кампаніі IKEA.
Рэалізацыя гэтага праекта пачнецца з наступнага года. Асноўным спажыўцом прадукцыі кампаніі “Габі-БЕЛ” стане група кампаніяў IKEA з рынкамі збыту ў краінах Еўрапейскага звязу і СНД. Таксама, адзначыў Мечыслаў Гой, Гародні ёсць чым пахваліцца ў турыстычнай сферы: за сем месяцаў з пачатку года адзначана 80 тысяч бязвізавых турыстаў. Хоць ёсць і праблемы:
– Канешне, ёсць яшчэ шмат пытанняў, шмат розных праблем адкрылася ў горадзе, але яны аператыўна вырашаюцца, у першую чаргу, дзякуючы пастановам Савета міністраў і ўказам прэзідэнта па сярэднім і малым бізнесе. Усплёск актыўнага развіцця малога і сярэдняга бізнесу акурат дапамагае нам вырашаць праблемы, якія існуюць у бязвізавым рэжыме, а гэта вялікія і малыя кавярні, рэстараны, хостэлы, гасцініцы невялікага пражывання, іншыя паслугі, экспарт медыцынскіх паслуг.
Як прызнаецца кіраўнік горада, ён марыць пра лічбу бязвізавых турыстаў 375,5 тысяч за год – менавіта столькі жыхароў на сёння налічвае Гародня. Акрамя таго, у горад прыязджае і шмат турыстаў з візамі, а таксама расіян, якія не ўлічваюцца ў статыстыцы па бязвізу.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток