Менчукі пра змены дабрабыту: Хутка вясна, шчаўе пойдзе – будзем жыць



Нацыянальны банк Беларусі канчаткова адмяніў валютны збор у час пакупкі валюты насельніцтвам. Валютны збор у памеры 30-ці працэнтаў быў усталяваны ў снежні мінулага году і паступова зніжаўся ў залежнасці ад падзення кошту беларускага рубля.

З таго часу нацыянальная валюта Беларусі абясцэнілася больш, чым на 26 працэнтаў. Як гэтая сітуацыя адбілася на дабрабыце беларусаў, журналісты запыталі на вуліцах Менску.

– Для мяне пакуль усё, як было, так і засталося. У нашым родным горадзе шмат расейскіх машын. А так – нічога і не змянілася.

 – Можа яно пасля і “аўкнецца”, але пакуль усё больш-менш.

 – Хутка вясна, шчаўе пойдзе – будзем жыць.

 – Я не адчула, таму што эканоміць трэба.

 – Трэба з “заначкі” даставаць даляры і апаратуру набываць за даляры, а не за беларускія рублі.

 – Пакуль не адчуваецца, але кошты вырастуць.

Дарэчы, ад сёння беларускія банкі вызначылі курсы куплі-продажу замежных валют, адрозныя ад афіцыйных каціровак Нацбанка ня больш, чым на 2%. Максімальны курс продажу даляра склаў у абменных пунктах 14 тысяч 35 рублёў. Курс продажу еўра – 16 тысяч 565 рублёў.

 Беларускае Радыё Рацыя, паводле Бела ПАН