Менск просіць Маскву паскорана падтрымаць „уразлівую эканоміку” Беларусі



Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка просіць РФ паскорыць рэалізацыю мер падтрымкі беларускай эканомікі ў сувязі з пашырэннем санкцый Захаду супраць Менска.

Пра гэта, як піша „Еўрапейская праўда”, гаварылася на сустрэчы прэм’ераў РФ і Беларусі, дэталі якой прыводзіць расейскае агенцтва ТАСС.

Галоўчанка сказаў, што наступіла „вострая неабходнасць аператыўнай рэалізацыі тых мер падтрымкі, якія адкладаліся на потым”.

Сярод такіх мер Галоўчанка назваў перанос рэструктурызацыі крэдытнай запазычанасці па дзяржаўных крэдытах урада і фінансавых інстытутаў Расеі, пераход на новую сістэму цэнаўтварэння на расейскую нафту, фіксацыю цаны на прыродны газ для Беларусі ў расейскіх рублях з прывязкай да дзеючых аптовых цэн на газ для бліжэйшых расейскіх рэгіёнаў.

Менск прапануе нарасціць пастаўкі беларускай машынабудаўнічай прадукцыі на расейскі рынак і зняць існуючыя абмежаванні.

Акрамя таго, Галоўчанка лічыць важным „удзел Беларусі ў рэалізацыі праграм імпартазамяшчэння”, а таксама „паўнацэнны ўдзел абароннага сектара эканомікі Беларусі ў рэалізацыі мер дзяржабаронзаказу РФ, зняцце адміністрацыйных бар’ераў у сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва”.

Фота: РИА Новости