Менск прыняў рашэнне пра замену корпуса рэактара



Менск прыняў рашэнне замяніць корпус рэактара для энергаблока БелАЭC, паведаміў у Цюмені (Расея) міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык.

рэактар

Беларуская дэлегацыя на чале з Патупчыкам знаходзіцца ў Цюмені 10—13 жніўня для ўдзелу ў круглым стале „Перспектывы супрацоўніцтва Цюменскай вобласці і Рэспублікі Беларусь”.

„Ужо рашэнне прынятае пра замену”, — сказаў Патупчык, адказваючы на пытанне журналістаў. Кажучы пра кошт замены абсталявання, ён адзначыў, што гэта прадмет перамоў з расейскім бокам, перадае ТАСС.

У той жа час начальнік аддзела камунікацый і грамадскай інфармацыі Дзяржатамнагляда МНС Беларусі Алег Собалеў паведаміў расейскім журналістам, што рашэнне адносна корпуса рэактара першага блока БелАЭС, якая будуецца, пакуль дакументальна не аформленае.

„Рашэнне пра лёс корпуса рэактара першага блока Беларускай АЭС працягвае выпрацоўвацца, яно пакуль не фармалізаванае”, — цытуе Собалева РИА Новости. Паводле яго слоў, скончыўся этап, калі свае ўнутраныя расследаванні правялі генпадрадчык будаўніцтва АЭС і прадпрыемства „Беларуская АЭС”, свае высновы яны пісьмова падалі ў Дзяржатамнагляд. „Дакументы паступалі па меры іх падрыхтоўкі. У канцы мінулага тыдня паступіў поўны камплект”, — сказаў прадстаўнік Дзяржатамнагляда. На разгляд дакументаў патрабуецца час і прыцягненне арганізацыі тэхпадтрымкі, дадаў ён.

Інцыдэнт на АЭС, якая будуецца, здарыўся 10 ліпеня, але вядома пра яго стала толькі 25 ліпеня з паведамленняў у сацсетках і СМІ. Спачатку генпадрадчык будаўніцтва — расійская група кампаній „АСЭ” — паспяшаўся абвергнуць гэтую інфармацыю, але Мінэнерга Беларусі прызнала, што на станцыі была „няштатная сітуацыя”. Пасля было заяўлена, што падчас трэніровачнай пробнай устаноўкі корпуса рэактара 330-тонны агрэгат упаў з вышыні ад 2 да 4 метраў. 1 жніўня ў Мінэнерга паведамілі, што мантаж корпуса рэактара прыпынены да поўнага высвятлення абставін здарэння.

Інцыдэнт выклікаў шырокі грамадскі рэзананс. Прадстаўнікі апазіцыі і актывісты Беларускай антыядзернай кампаніі заявілі пра недапушчальнасць выкарыстання корпуса рэактара пасля НЗ і запатрабавалі ад уладаў неадкладна спыніць будаўніцтва станцыі.

Літва, каля мяжы з якой будуецца АЭС, накіравала Беларусі ноту і запытала вынікі расследавання інцыдэнту. Літоўскія ўлады прапанавалі Менску стварыць міжнародную камісію экспертаў для аналізу вынікаў гэтага расследавання і давання рэкамендацый, папрасілі актыўнага ўмяшання ЕЗ у вырашэнне пытання ядзернай бяспекі, важнага для ўсяго рэгіёна, а таксама звярнуліся да кіраўніцтва МАГАТЭ з просьбай удзельнічаць у расследаванні гэтага і іншых інцыдэнтаў, што здарыліся на будоўлі АЭС (інфармацыя пра іх раней з’яўлялася ў прэсе, але не была пацверджаная афіцыйна).

Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць 4 жніўня назваў рэакцыю грамадскасці на інцыдэнт „звычайнай канкурэнцыяй”, „палітызацыяй” і „балбатнёй”. Ён таксама запэўніў, што Беларусь адмовіцца ад корпуса рэактара, калі ў ім выявяць хоць нейкае пашкоджанне.

Беларуская АЭС, якая будуецца пры ўдзеле Расеі пад Астраўцом (Гарадзенская вобласць), за 50 км ад Вільні, будзе складацца з двух энергаблокаў ВВЭР-1200 сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакалення. Увод у прамысловую эксплуатацыю першага блока БелАЭС запланаваны на 2018 год, другога — на 2020-ты.

belapan.by