Менскі рынак «Ждановічы» чакаюць сур’ёзныя змены



Гэта найбуйнейшы гандлёвы цэнтр у Беларусі.

У Менску рынак «Ждановічы» і тэрыторыя вакол яго зменяцца. Пра гэта сведчыць горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання ў жылым раёне Лебядзіны, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Плануецца рэканструяваць і вуліцу Ціміразева, а таксама Нарачанскую і Ратамскую, якія прымыкаюць да яе. Усяго збіраюцца правесці рэканструкцыю больш як 90 гектараў плошчаў – гэта надзел, заціснуты чыгункай і МКАД.

Рэалізацыю праекту хочуць здзейсніць да 2030 года. Першы ж этап закончыцца да 2026 года.

Рынак «Ждановічы» знаходзіцца ў Цэнтральным раёне Менска. Гэта найбуйнейшы гандлёвы цэнтр у Беларусі. Ён складаецца з некалькіх гандлёвых зонаў. Большую яго частку займаюць павільёны «Свет моды» – гэта кірмаш прамысловых тавараў. Ёсць там харчовы рынак, радыёмаркет, будаўнічая выстава, ТРЦ «Град» і шэраг іншых драбнейшых аб’ектаў.