Індывідуальныя прадпрымальнікі не выйшлі на рынкі
З 1 студзеня віцебскія рынкі і гандлёвыя цэнтры таксама спыняюць працу. Мясцовыя прадпрымальнікі накіравалі ў Віцебскі гарвыканкам лісты з інфармацыяй пра сваё рашэнне. Як адзначае старшыня аргкамітэта па стварэнні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яцкевіч, віцебскія прадпрымальнікі не сыходзяць на калядныя канікулы: яны папярэджваюць, што не адновяць працу, пакуль на дзяржаўным узроўні не вырашацца іхнія праблемы.
– Так працаваць мы не можам, не здолеем. Нам ужо не патрэбны пераносы тэрмінаў, бо колькі ты іх не перанось – праблема застаецца. Нам не даюць тых папераў, якіх патрабуе ад нас урад. Мы мусім адказваць за трэціх асоб. Бо тыя паперы, што мы тут аддаём, расейскі бок не пацвярджае, што ён нам штосьці прадаў. І тады наш тавар становіцца кантрафактным. А гэта азначае вельмі вялікія штрафы.
З пачатку новага года ў Беларусі пачаў дзейнічаць указ прэзідэнта № 222 „Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі”. З гэтага часу ІП павінны рэалізоўваць прадукцыю лёгкай прамысловасці, увезеную з краін Мытнага саюзу, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Праблема ў тым, што расейскія пастаўшчыкі, у якіх закупляе тавар большасць беларускіх прадпрымальнікаў, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакументы пра паходжанне прадукцыі альбо прадастаўляюць фіктыўныя даведкі. У выніку на прадпрымальнікаў накладаюць штрафы, у іх канфіскуюць тавар. Неаднаразовыя просьбы прадпрымальнікаў да ўладаў адмяніць указ не былі пачуты.
* * *
Па-ранейшаму зачынена большасць павільёнаў у шэрагу сталічных гандлёвых цэнтраў, а таксама на рынках. Інфармацыя пра тое, што ІП не выйшлі на працу, паступае з Віцебска, Гомеля, Берасця, Рагачова, Наваполацка, Ліды, Маладэчна, Барысава ды іншых гарадоў. Пра гэта нам распавёў старшыня аб’яднання прадпрымальнікаў “Перспектыва” Анатоль Шумчанка:
– Каля 90% людзей, якія працуюць на рынках і ў гандлёвых цэнтрах, не выйшлі на працу. Вядома, ёсць і такія, якія рызыкнулі і выйшлі на працу на новых умовах. Мы іх папярэджвалі, што яны маюць на гэта права. Праверак пакуль не было. І я не думаю, што яны будуць. Мяркую, што ўлады не будуць абвастраць сітуацыю.
Сёння «Перспектыва» плануе выступіць з заявай у сувязі з сітуацыяй, а на 11-га студзеня прызначаны чарговы антыкрызісны форум прадпрымальнікаў.
Большасць ІП, якія гандлююць нехарчовымі таварамі на рынках і ў гандлёвых цэнтрах, прыпынілі сваю дзейнасць з-за ўступлення ў сілу ўказа прэзідэнта №222. Паводле ўказу, тавары, увезеныя ў Беларусь, павінны мець суправаджальныя дакументы.
* * *
Старшыня грамадскага аб’яднання «Перспектыва»Анатоль Шумчанка выклаў у Фэйсбуку фотасправаздачу з асноўных гандлёвых кропак Менска, дзе 2 студзеня не працуюць амаль усе індывідуальныя прадпрымальнікі. „Я думаю, што прыкладна такая ж карціна цалкам па Беларусі. Каля 90% прадпрымальнікаў спынілі сваю працоўную дзейнасць. Яны не могуць выканаць тыя законы, якія прыняў урад.”
95% гандлёвых кропак на рынку «Ждановічы» сёння закрыты. Затое на рынку, па словах Шумчанкі, з’явіліся амапаўцы.
14-га снежня на форуме прадпрымальнікаў у Менску многія ІП заявілі пра намер вымушана прыпыніць сваю працу з 1-га студзеня 2016-га году ў сувязі з немагчымасцю выканання патрабаванняў указа прэзідэнта № 222 і тэхнічнага рэгламенту.
Удзельнікі форуму прадпрымальнікаў прынялі таксама антыкрызісны план па вырашэнні праблем малога бізнесу. Яны, у прыватнасці, прапануюць стварыць пры Адміністрацыі прэзідэнта працоўную групу з ліку ІП, занятых у рознічным гандлі, для выпрацоўкі аптымальнага рашэння па ўрэгуляванні дзейнасці прадпрымальнікаў з улікам створанай уладамі сітуацыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота facebook.com