Mercedes, Scania і Volvo пацяснілі МАЗ на расейскім рынку



Мінскі аўтамабільны завод, які традыцыйна займаў трэцяе месца па продажы на расейскім рынку грузавых аўтамабіляў, у сакавіку гэтага года апусціўся на шостую пазіцыю. Такія звесткі прыводзіць расейскае агенцтва „Аўтастат”, якое спецыялізуецца на вывучэнні расейскага рынку транспартных сродкаў.

У першым квартале 2017 года МАЗ прадаў на расейскім рынку 798 грузавых аўтамабіляў. У параўнанні з аналагічным перыядам 2016-га рэалізацыя беларускай тэхнікі на расейскім рынку павялічылася на 28,9%.

У студзені-сакавіку 2017 года аб’ём рынку новых грузавых аўтамабіляў у Расеі перавысіў 13,3 тыс. адзінак, што на 32% больш у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. У сакавіку на расейскім рынку было прададзена 5 тыс. 457 грузавых аўтамабіляў (транспартных сродкаў масай большай за 3,5 тоны).

Лідарам заставаўся КАМАЗ, на долю якога ў сакавіку прыпала больш за 30% агульнага аб’ёму рэалізацыі. Расейскі ГАЗ за гэты перыяд рэалізаваў ўнутры краіны 624 грузавыя аўтамабілі (на 4,9% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года). Трэцяе месца па продажы транспартных сродкаў на расейскім рынку да лютага ўключна займаў МАЗ, аднак у сакавіку на гэтую пазіцыю выйшаў нямецкі Mercedes, а чацвёртае і пятае месцы занялі шведскія вытворцы грузавікоў — Scania і Volvo. Беларускі завод апусціўся на шосты радок.

Расея з’яўляецца галоўным рынкам збыту тэхнікі вытворчасці МАЗ. Восенню мінулага года гендырэктар Мінскага аўтазавода Дзмітрый Кацярыніч заявіў аб планах павялічыць долю экспартных паставак у агульным аб’ёме продажу прадпрыемства з 75 да 87%.

Паводле вынікаў 2016 года чыстая страта МАЗа склала 81,7 млн рублёў. Як вынікае з гадавой справаздачы прадпрыемства, адмоўная лічба стала вынікам значных фінансавых абавязацельстваў, якія даводзіцца абслугоўваць заводу.

Наведваючы МАЗ летась, Аляксандр Лукашэнка выказаў гатоўнасць аказаць дзяржпадтрымку прадпрыемству, але толькі пад канкрэтныя рынкі збыту. „Вы атрымаеце грошы, магчыма і кітайскія крэдыты, толькі тады, калі пакажаце, што ў вас ёсць рынкі, куды прадасце гэтую прадукцыю. У іншым выпадку не дадзім ні капейкі”, — папярэдзіў ён.

belapan.by