Мезенцаў: Расея імкнецца максімальна ўлічваць запыт Менска
Расейскі бок у перамоўным працэсе па пытаннях паставак нафты ў Беларусь імкнецца максімальна ўлічваць запыт Менска, заявіў у каментары журналістам пасол Расеі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў, словы якога прыводзіць прэс-служба пасольства.
На думку дыпламата, перамовы кіраўнікоў урадаў Расеі і Беларусі Міхаіла Мішусціна і Сяргея Румаса, якія адбыліся 11 сакавіка ў Маскве, пацвярджаюць гатоўнасць „знаходзіць развязкі і рашэнні двухбаковага парадку дня”.
„Важна, што Міхаіл Мішусцін паказаў зацікаўленая і ўважлівае стаўленне да перамоўнай пазіцыі беларускага боку па энергетычных пытаннях, — сказаў Мезенцаў. — Якія б часам ні былі вострыя спрэчкі суб’ектаў гаспадарання, якія б ні былі важкія аргументы бакоў, блытаць нявырашанасць наяўных аператыўных пытанняў і доўгатэрміновую стратэгію двухбаковых адносін няслушна”.
„Улічаны запыт Менска па ўмовах паставак нафты малымі кампаніямі. Сёння нафтавікі, гатовыя пастаўляць „чорнае золата” ў Беларусь, могуць гэта рабіць праз сістэму „Транснефці” без абмежаванняў. Для іх, такім чынам, вызначаныя асаблівыя ўмовы”, — заявіў дыпламат.
„Пры гэтым важна разумець: у нас не адзіная „казна”, і якія-небудзь дадатковыя прэферэнцыі за кошт расійскага бюджэту — на карысць суб’ектаў гаспадарання, камерцыйных структур, якія працуюць на тэрыторыі брацкай Беларусі, наўрад ці магчымыя”, — дапоўніў ён.
Як лічыць пасол Расеі, „рознагалоссі па цэнах на нафту — гэта спрэчка прадаўца і пакупніка, гэта строга не адносіцца да дыялогу паміж дзяржавамі і ўрадамі”.
„Зразумела, што рынкавыя адносіны, якія сталі больш трывалымі ў сістэме эканамічных сувязяў нашых краін, вызначаюць для здабыўных і перапрацоўчых нафтавых кампаній імкненне да максімальнай выгады і прыбытку, што, напэўна, натуральна. Але гэта не павінна закранаць галоўнага — маштабныя і глыбокія адносіны, якія склаліся і якія мы ўсе асабліва шануем”, — упэўнены пасол РФ.
Афіцыйны Мінск заяўляе, што праца над дарожнымі картамі паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі не мае сэнсу да ўрэгулявання сітуацыі з пастаўкамі расійскай нафты. „Белнафтахім” пакуль не дамовіўся аб пастаўках нафты з буйнымі расійскімі кампаніямі. Яны настойваюць на прэміі да цаны нафты. Мінск адмаўляецца яе плаціць, бо расійская сыравіна і так даражэе з-за падатковага манеўру. Сёлета, згодна з індыкатыўным балансам, пастаўкі расійскай нафты павінны скласці 24 млн тон, аднак Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь не будзе плаціць прэмію расійскім нафтавым кампаніям, таму што яны пастаўляюць прадукт па сусветнай цане.
Паводле вынікаў перамоў 11 сакавіка ў Маскве прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што сітуацыя на сусветным рынку нафты змянілася, цэны ўпалі, і ў сувязі з гэтым беларускі бок перадаў Расіі новыя прапановы для нафтавых кампаній, якія „расійскі бок прыняў і паабяцаў на працягу некалькіх дзён правесці кансультацыі з нафтавымі кампаніямі і даць адказ”. „На першы погляд, прапановы не былі адхіленыя расійскім бокам. Думаю, што мы прасунемся наперад у вырашэнні гэтай нафтавай спрэчкі”, — сказаў прэм’ер-міністр.
Фота belrynok.by