Мікалай Аўтуховіч: У людзей ужо не вытрымліваюць нервы



Былы палітвязень, а зараз адзін са стваральнікаў прафсаюза па абароне прадпрымальнікаў “Салідарнасць” Мікалай Аўтуховіч распавёў, чаму прадстаўнікі малога бізнеса ідуць на крокі адчаяння.

Мікалай Аўтуховіч

На гэтым тыдні ў Гомелі пахавалі 55-гадовую прадпрымальніцу, якая скончыла жыццё самагубствам. Напярэдадні падаткавая інспекцыя канфіскавала ў яе тавар, па некаторай інфармацыі, хацелі на яе “павесіць” незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, і жанчына магла пазбавіцца не толькі тавара, але і некаторай маёмасці. У той дзень, калі прадпрымальніцу хавалі, у Эканамічным судзе Гомеля павінен быў адбыцца разгляд пратакола па яе справе.

На гэтым жа тыдні пасля праверкі Мінгандлю сталічная прадпрымальніца страціла прытомнасць у зале суда, і яе адвезлі ў лякарню. Пайшлі трывожныя званочкі…

Мікалай Аўтуховіч: У людзей ужо не вытрымліваюць нервы. Калі чалавек ведае, што ён працуе, каб пракарміць сваіх дзяцей, а на яго ціснуць і ціснуць, то лёгка можа адбыцца нервовы стрэс. Так, можа ў яго ёсць нейкія дробныя памылкі ў працы, але ён рызыкуе дзеля сям’і. Людзі ведаюць, што кожны дзень можа прыйсці праверка і канфіскаваць тавар. Яны працуюць і рызыкуюць, таму што больш няма працы, а значыцца не будзе чаго і есці. А судзіца з гэтай уладай – справа безперспектыўная. Я добра ведаю, што ёсць сітуацыі, калі парушэнняў няма, а падаткавікі самі правакуюць на гэтыя парушэнні.

РР: Але тыя ж падаткавікі кажуь: працуйце па законе – і ў вас не будзе аніякіх праблем..

Мікалай Аўтуховіч: Ведаеце, закон можна па-рознаму трактаваць. І так, і сяк. Як каму больш выгодна. У нас, як мне падаецца, законы наогул накіраваны супраць бяспекі дзяржавы, бо калі людзям не даюць працаваць у той час, калі ў краіне расце беспрацоўе, то пра што можна казаць. Гэта антынародныя законы. Усе ж ведаюць, якая складаная эканамічная сітуацыя, дык навошта узмацняць ціск? Няхай бы гэтыя прадпрымальнікі спакойна працавалі, і людзі самі выжывуць. Толькі б не чапалі. Памежныя раёны наогул самі выжываюць (ва ўсялякім разе, раней так было) і ніколі не прасілі грошай у дзяржавы. Дык гэта ж таксама плюс для бюджэта.

РР: Навошта тады ціснуць на ІП-эшнікаў?

Мікалай Аўтуховіч: Уладзе патрэбны грошы. Тыя ж кантралюючыя органы ўжо не ведаюць, адкуль іх браць, у іх, мабыць, таксама ёсць даведзеныя планы. Вось і прыдумваюць нейкія новыя парушэнні. Дайшло да таго, што транспартнікі спыняюць машыны і даюць штрафы за тое, што некага падвёз, а той аддзячыў. Гэта ўсё памылкова, нельга так рабіць. Бо некаторыя церпяць, а некаторыя ад адчаю вырашаюць развітацца нават з жыццём.

Кастусь Заблоцкі, Беларусакае Радыё Рацыя