Мікалай Аўтуховіч: Вось так у нас ствараюць працоўныя месцы
Сёння пачынае працу новая фірма ваўкавыскага прадпрымальніка і былога палітвязня Мікалая Аўтуховіча.
Нагадаем, што не так даўно Мікалай Аўтуховіч даведаўся, што яго фірму “Ніка-таксі 22222” пазбавілі ліцэнзіі толькі за тое, што адна машына не прайшла тэхагляд. Па законе два тыдні яшчэ можна было адпрацаваць, і тэрмін ліцэнзіі заканчваўся 2 чэрвеня.
Мікалай Аўтуховіч: Каб не выкідваць людзей на вуліцу, было прынятае тэрміновае рашэнне стварыць новую фірму таксі. Што і зрабілі. Зарэгістравалі, атрымалі ўсе дазволы, сёння трэба было перапісаць усе машыны з адной фірмы на другую.
РР: Новую ліцэнзію атрымалі?
Мікалай Аўтуховіч: Так, у гэтым плане ўсё нармальна. Там яшчэ ёсць некаторыя фармальнасці, але нам дазволілі ўжо зараз працаваць. Цікава, што ўчора і сёння два разы мне тэлефанавалі з выканкама. Так бы мовіць, таксама спрычыніліся да нашай радасці. Кажуць: “Колькі вы збіраецеся ў сваёй новай фірме стварыць новых працоўных месцаў?” – “Якія новыя працоўныя месцы? – кажам. – У нас адабралі ліцэнзію ў старой фірме, і ўвесь калектыў перайшоў у новую”. Тыя адказваюць: але ж і нам, маўляў, трэба справаздачу трымаць. Вось так у нас чыноўнікі “працуюць”, так “новыя працоўныя месцы ствараюць”. Адны дачапіліся да дробязі і адабралі ліцэнзію, другія адрапартуюць у сваёй справаздачы, колькі стварылі новых працоўных месцаў. І ўсе пры справе і добрым заробку! Якая ж тут эканоміка вытрымае?!
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя