Мікалай Казлоў: З неба нам грошы не валяцца



Выконваючы абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў распавёў, чаму іх арганізацыя просіць у людзей фінансавай дапамогі.

АГП праз Фэйсбук заявіла, што на рахунку партыі няма грошай і абвясціла збор сродкаў на патрэбы арганізацыі.

Мікалай Казлоў: Мы заўсёды збіраем фінансы на патрэбы партыі, і гэта пачалося не сёння. А з неба грошы нам не валяцца. Таму звяртаемся за дапамогай і да аднапартыйцаў, і да тых, хто можа нешта ахвяраваць.

Адсутнасць грошай – гэта, напэўна, сёння натуральная з’ява для любой партыі, і мы не выключэнне. Бо патрэбна утрымліваць інфраструктуру: плаціць за арэнду офіса, электрычнасць і гэдак далей.

РР: Ці адгукаюцца людзі на вашу прапанову?

Мікалай Казлоў: У розныя часы адгукаюцца па-рознаму. То больш ахвяруюць, то менш, але я б не сказаў, што гэта моцна ратуе сітуацыю. Хаця, калі пачынаецца нейкая палітычная кампанія, то народ больш актыўна дапамагае.

А вось беларускі бізнес дыстанцыянаваўся ад апазіцыйных партый. Можа быць, нехта і падтрымлівае нашы ідэі, але не рызыкуе, бо баіцца наклікаць на сябе гнеў уладаў. Таму з гэтага боку фінансы практычна не паступаюць, хаця ў іншых краінах гэта – нармальная традыцыя.

РР: Ці падтрымліваеце вы ідэю, каб палітычныя партыі фінансаваліся з бюджэта?

Мікалай Казлоў: Гэта таксама нармальная практыка цывілізаваных краін. Такім чынам развіваецца палітычная сістэма. І адбываецца стагнацыя гэтай сістэмы, калі дзяржава з бюджэта фінансуе толькі праўладныя партыі і аргнаізацыі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя