Мікалай Русы: За пазыкі, за крэдыты дзяржаве даводзіцца расплачвацца



Падзеі ва Украіне вымушаюць беларускае кіраўніцтва варушыцца, гэта стымул для перабудовы. Незалежнасць стала ні чымсьці абстрактным. Пачынаецца спроба стварэння эліты дзяржаўнікаў ды праходзіць чыстка сярод чыноўнікаў, мяркуе былы дэпутат Берасцейскага абласнога Савета дэпутатаў Мікалай Русы.

Барацьба з карупцыяй – гэта адзін з захадаў перабору кадраў. Але большыя хваляванні выклікае эканоміка, фінансавыя цяжкасці і залежнасць у гэтай галіне ад Расеі.

Беларусь не можа вырвацца ад усходняга суседа і прычына ў поўнай энэргазалежнасці. Немагчыма вывесці рынак на стабільнасць, – кажа Мікалай Русы.

– Прычына ўсяго – энерганосьбіты. Калійныя ўгнаенні, напрыклад, гэта карысныя выкапні, на якіх дзяржава зарабляла валюту і былі рынкі збыту. Зноў такі выходзім на энерганосьбіты – кошты падскокваюць – і ўжо не канкурэнтназдольныя. За пазыкі, за крэдыты – за ўсё дзяржаве даводзіцца расплачвацца. Дзе ўзяць валюты? Як наладзіць гандль? Зноў узаемаразлікі. І весь упор ідзе менавіта на ўзамаразлікі. 

“Беларускія грамадзяне запалоханыя падзеямі ва Украіне, – працягвае Мікалай Русы. моцная хваля прапаганды ідзе цераз расейскія СМІ. Менавіта прарасейскія сілы спрабуюць пераканаць беларускае кіраўніцтва ў тым, што ніякіх зменаў не трэба”.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя