Міхаіл Чыгір: Беларусы плачуць у польскіх крамах
“Без эканамічных рэформаў краіна ў любым выпадку не абыдзецца”, – лічыць былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір.
У апошнія часы пра эканамічныя рэформы гучаць словы з вуснаў многіх высокіх дзяржаўных асобаў. Аднак галоўнае пытанне: “Ці будуць за словамі справы?” Меркаванняў шмат, але пакуль ніхто не бярэцца сцвярджаць на сто адсоткаў, што насамрэч будзе.
Міхаіл Чыгір: Рэформы ў любым выпадку будуць, бо жыццё прымусіць. Зараз нават самаму шчыраму прыхільніку сёняшняй беларускай сістэмы зразумела, што так далей працягвацца не можа. Краіна жыла за кошт знешніх пазыкаў, у асноўным – за кошт дапамогі Расеі. Але гэтая дапамога не бязмежная. Таму ўлада проста вымушана рабіць хоць нейкія крокі. Вы паглядзіце, што сёння адбываецца? Курс даляра стрымліваецца з апошніх сіл.
РР: На якія рэформы могуць пайсці ўлады?
Міхаіл Чыгір: Было б добра, каб пачалі са структурных рэформаў у пабудове дзяржавы. Трэба скарачаць міліцыю, спецслужбы… Лепш бы іх перакінулі ў іншыя вобласці, там жа шмат падрыхтаваных і адукаваных людзей. Няхай бы займаліся бізнесам, вытворчасцю. Але, мяркую, наўрад ці хто на гэта пойдзе. Тады трэба хаця б выкарыстоўваць вопыт кіравання сусветнай эканомікай.
РР: А можа заявы чыноўнікаў наконт будучых рэформаў гучаць толькі таму, каб іх пачулі ў Міжнародным валютным фондзе ды далі чарговы крэдыт у 3 мільярды даляраў?
Міхаіл Чыгір: Дасць нам МВФ яшчэ адзін крэдыт, і што з таго? Беларусы пасля гэтага добра жыць стануць? Грошы праядуць, а далей праблемы ізноў паўстануць ва ўвесь рост.
РР: Калі будуць рэформы, наколькі яны стануць балючымі для беларусаў?
Міхаіл Чыгір: На першым этапе, безумоўна, будуць балючымі, але трэба пацярпець. І, калі пачнуцца сапраўдныя рэформы, то і дапамога знешняя будзе. Мы ў свой час смяяліся з Польшчы, з краін Прыбалтыкі, што яны там будуць галодныя. А зараз беларусы плачуць у польскіх крамах, калі бачуць танныя кошты і параўноўваюць іх з беларускімі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя