Міхаіл Чыгір: Датацыйныя прадпрыемствы не знікнуць
Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір распавёў, чаму дзяржава працягне падтрымліваць стратныя праекты.
Днямі беларускі кіраўнік заявіў, што “ніякіх стратных і датацыйных праектаў у краіне быць не павінна”.
“Накіраванне бюджэтных сродкаў на ўсялякія даробкі-пераробкі катэгарычна выключаецца”, – дадаў ён.
Міхаіл Чыгір: У нас гадамі кажуць, што стратныя праекты дзяржава не будзе фінансаваць, але ж іншых варыянтаў не прапаноўваецца, а таму сітуацыя не змяняецца. Напрыклад, калі многія прадпрыемствы не будуць атрымліваць датацыі, то яны проста спыняць працу. А значыцца, на вуліцах апынецца мноства працоўных. На гэта ўлады не пойдуць. Безумоўна, павінен быць пераходны перыяд, каб стратныя прадпрыемствы перайшлі на іншыя рэйкі працы, але гэты перыяд ужо павінен быў скончыцца. А ў нас ён яшчэ нават і не пачынаўся.
РР: Інвестары не зацікаўлены гэтымі праектамі?
Міхаіл Чыгір: Каб інвестары былі зацікаўлены, найперш ім павінны стварыць суадносныя ўмовы. Інвестары ўжо былі, але ж многіх разагналі. А цяпер ізноў шукаюць новых. Таму я не бачу падстаў для таго, каб сітуацыя ў бліжэйшы час змянілася. Датацыйныя праекты і прадпрыемствы не знікнуць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя