Міхаіл Чыгір: Дырэктары ўсё роўна застануцца “пад пугай”
Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір пракаментаваў крокі ўладаў па аздараўленні сельскай гаспадаркі.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №399 «Аб фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый». Адна з нормаў указа – дармовая перадача акцый кіраўніку ў колькасці не больш за 25% плюс адна акцыя сельскагаспадарчай арганізацыі па выніках рэалізацыі бізнес-плана.
Міхаіл Чыгір: Спадзяюся, што гэта і насамрэч невялікі крок да прыватызацыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Хаця ў той жа час трэба разумець, што сёння ва ўсім свеце сельская гаспадарка знаходзіцца ў руках прыватнікаў. І пры гэтым даволі добра сябе пачувае. Але ў любым выпадку, нават такія крокі – гэта добра тэндэнцыя.
РР: Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў будуць адчуваць сябе пасля гэтага самастойнымі ў прыняцці рашэнняў?
Міхаіл Чыгір: Безумоўна, не будуць, бо, напрыклад, у краіне захавалася дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў. І гэтымі дырэктарамі па-ранейшаму будуць кіраваць і даваць ім указанні, што трэба рабіць. Яны, як кажуць, усё роўна застануцца “пад пугай”. І агульную сітуацыю ў сельскай гаспарцы гэта не выратуе. Патрэбны зусім іншыя рэформы, зямлі патрэбны гаспадар.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота rferl.org