Міхаіл Чыгір: Не там шукаюць праблему
Былы прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір пракаментаваў кадравыя перастаноўкі ва ўрадзе.
Як вядома, акурат пасля “шклоўскага скандала” пазбавіліся сваіх пасадаў шэраг чыноўнікаў. У тым ліку, міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц і віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы.
Зараз стала вядома, што Заяц зойме пасаду старшыні Магілёўскага аблвыканкама, а Русы будзе накіраваны на пасаду памочніка прэзідэнта — інспектара па Магілёўскай вобласці. Такія рашэнні прынятыя Аляксандрам Лукашэнкам па выніках сустрэчы з імі.
Міхаіл Чыгір: Як кажуць матэматыкі: ад перамены месцаў складнікаў сума не змяняецца. І калі чыноўнікаў перасадзілі з аднаго крэсла ў іншае, то ад гэтага агульная сітуацыя таксама цудоўным вобразам не зменіцца. Не там шукаюць праблему.
Калі вы хочаце бачыць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы дагледжанымі і прыбытковымі, то не трэба баяцца давяраць прыватнікам. Няўжо незразумела, што дзяржаўная сістэма кіравання ў гэтай галіне нідзе ў свеце сёння не працуе? Гэта яшчэ пры Саюзе прыдумалі, што прыродныя рэсурсы трэба прыватызаваць, а калгасы пакінуць. Але зараз іншы час. І пры старым падыходзе нармальных вынікаў не будзе.
РР: Наколькі вялікая віна канкрэтна Леаніда Зайца і Міхаіла Русага, што склалася такая сітуацыя ў гаспадарках, якія інспектаваў Аляксандр Лукашэнка?
Міхаіл Чыгір: Я не бачу іх віны. Спачатку трэба спытаць пра заробкі ў людзей, якія даглядаюць скаціну. Пра тое, ці ёсць кармы альбо салома для тых кароў.
Трэба найперш шукаць першапрычыну таго, чаму ўвогуле сельская гаспадарка прыходзіць у заняпад. Сёння ж зусім няшмат гаспадарак, якія трымаюцца на плыву. Таму кадравыя перастаноўкі, на мой погляд, нічога не дадуць. Каардынальным чынам сітуацыя ўсё роўна не зменіцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя