Міхаіл Чыгір: Не варта біць у фанфары
Экс-прэм’ер-міністр Беларусі распавядае, чаму не трэба радавацца росту УВП на 0,5 адсоткі.
Як паведамляе Белстат, аб’ём валавай прадукцыі Беларусі за студзень-сакавік вырас на 0,5 %.
Міхаіл Чыгір: Такі нязначны рост УВП не гаворыць пра тое, што беларуская эканоміка, што называецца, пачала падымацца з кален. Бо ад рэформаў улады кідаюцца ў бок, як ад агню, а значыцца эканамічная сітуацыя працягвае заставацца закансерваванай. Хаця тут ўсё проста робіцца. Варта проста паехаць чыноўнікам і паглядзець, як працуюць кіраванне и эканоміка ў іншых краінах. Але ў нас гэтых самых чыноўнікаў ды праваахоўнікаў такое мноства, што на эканоміку грошай ужо не застаецца. Таму, калі ляжыш на дне, то і рост УВП на 0,5 адсоткі падаецца камусьці перамогай. Але ж якая гэта перамога? Нам патрэбны еўрапейскія заробкі, такія ж пенсіі… Вось на якія арыенціры трэба глядзець, а не радавацца нейкаму абстрактнаму росту.
РР: Але бізнесу абяцаюць паслабленні. Можа разам з гэтых крыху і эканоміка ажыве?
Міхаіл Чыгір: У частцы рэгістрацыі, кантролю для бізнеса ёсць зрухі ў лепшы бок, але ж трэба вырашаць галоўную праблему – знізіць падаткавы прэс. Але ж які яны знізяць, бо ў такім выпадку трэба скарачаць бюджэтныя выдаткі. А ўлады гэта якраз і не хочуць рабіць.
РР: Чаму ўлады не ідуць на рэформы, а трымаюцца за сваю “сацыяльна арыентаваную эканоміку”?
Міхаіл Чыгір: Яны жывуць сёняшнім, а не заўтрашнім днём. Вось далі крэдыт, вырас УВП на 0,5 адсоткі – і радуюцца. Але не варта біць у фанфары. Няхай спачатку давядуць абяцаны сярэдні заробак да 500 даляраў (хаця раней казалі і пра тысячу). І сусветны крызіс не вінаваты ў той сітуацыі, што сёння склалася ў Беларусі. Крызіс у іх галавах.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя