Міхаіл Чыгір: Справа не ў Ладуцьку, а ў сістэме



Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір тлумачыць, чаму былы кіраўнік Менгарвыканкама не змог выратаваць “Мотавела”.

Днямі Менгарвыканкам накіраваў ва ўрад ліст з прапановай банкруціць ААТ “Мотавела” і прадаваць участак на Партызанскім праспекце на аўкцыёне адзіным лотам.

Самае цікавае, што пасля арышту ў 2015 годзе ўласніка “Мотавела” Аляксандра Мураўёва новым генеральным дырэктарам прадпрыемства быў прызначаны “моцны гаспадарнік”, былы старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька. Не ўратаваў…

Міхаіл Чыгір: Справа тут не ў Ладуцьку, а ў нашай эканамічнай сістэме, якую трэба перабудоўваць. Вялізная армія чыноўнікаў, падаткавы прэс – усё гэта трэба рэфармаваць. Змяніце формулу кіравання эканомікай, і тады ў вас будзе нешта атрымлівацца. Няхай бы знайшоўся добры інвестар і займаўся прадпрыемствам.

РР: Былі ў Ладуцькі шанцы зрабіць з “Мотавела” прыбытковае прадпрыемства?

Міхаіл Чыгір: Кожны павінен знаходзіцца на сваім месцы, у кожнай сферы павінны быць свае спецыялісты. Напрыклад, калі вы банкіра паставіце кіраваць Міністэрствам фінансаў, то толку з гэтага можа і не атрымацца. А Ладуцьку кінулі на барыкады, і ён рабіў тое, што мог.

РР: “Мотавела” зараз будуць банкруціць?

Міхаіл Чыгір: Добра было б, каб прадпрыемства прадалі моцнай структуры, якая займаецца вытворчасцю такой жа прадукцыі. Іншая рэч, наколькі цікава некаму такая прапанова. Інвестары сёння пакуль яшчэ баязліва паглядаюць на беларускія прадпрыемствы і эканамічную сітуацыю ў краіне. Ды што казаць пра Беларусь! З Расеі інвестары ўжо сыходзяць, і гэта трагедыя для краіны. Бо калі табе не дадуць бульбу, то ты яе сам вырасціш. А ўсе перадавыя тэхналогіі – на Захадзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя