Міхаіл Чыгір: Трэба ж нейкім чынам затыкаць дзіркі ў бюджэце



У 2015 годзе падаходны падатак у Беларусі будзе падвышаны з 12% да 13%. Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір распавядае, хто выйграе, а хто прайграе ад такога падвышэння.

Беларускія дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Падаткавы кодэкс. Законапраект прадугледжвае падвышэнне стаўкі падаходнага падатку з 12% да 13%.

Міхаіл Чыгір: Ад падвышэння падатку выйграе бюджэт, а пацерпіць насельніцтва, таму што ўсё гэта ляжа на людзей. Не хапае грошай у бюджэце – вось і шукаюць розныя шляхі яго напаўнення. Праўда, адзін працэнт – гэта вельмі нязначная лічба, я наогул не разумею, ці варта было займацца такімі сумамі. Больш незадавальнення сярод людзей, чым тых грошай.

РР: Якія б вы прапанавалі шляхі напаўнення бюджэту?

Міхаіл Чыгір: Патрэбна новая сучасная эканоміка. І не на словах, а на практыцы. Адкуль жа грошы браць, калі ў сябе часнок не можам вырасціць? З Кітая яго вязём, а тут фінансы шукаем.

РР: Ці змогуць улады ў наступным годзе выправіць сітуацыю з экспартам?

Міхаіл Чыгір: Дык іншага шляху няма, хоць у такім выпадку трэба будзе знайсці кампраміс з Расеяй, бо ўжо зноў пачынаюцца непаразуменні. І патрэбна рэальная праграма імпартазамяшчэння. Не варта дзесяцігоддзямі імпартаваць яблыкі з Польшчы, а трэба самім вырошчваць.

РР: Зараз Міністэрства гандлю закрыла некаторыя магазіны па продажы бытавой тэхнікі за іх нелюбоў да тых жа айчынных тэлевізараў. Маўляў, імпартныя прадаюць, а свае не хочуць. Такія метады абароны свайго рынку маюць права на жыццё?

Міхаіл Чыгір: Няхай бы міністр гандлю задаў нашай уладзе пытанне: “Навошта вы ў свой час з беларускага рынку выкінулі “Філіпс”, які збіраўся працаваць на базе “Гарызонта”? Яны былі гатовы да работы ў Беларусі, вялікія грошы ўжо патрацілі, а іх выкінулі пасля гэтага, як шчанят. А зараз скардзяцца, што тэлевізары “Гарызонт” не хочуць купляць. Ды вы можаце закрыць усе магазіны бытавой тэхнікі, але калі чалавек захоча сабе набыць добрую тэхніку вядомага брэнду, то заўсёды знойдзе такую магчымасць. Прывязе з Масквы, з Польшчы, Літвы… Мала таго, што ён усё роўна купіць імпартны тэлевізар, дык і валюту пакіне ў іншай краіне. Пра якія забароны можна казаць?! Паўтаруся, у нас няма нармальнай праграмы імпартазамяшчэння, а вось чаму так – складанае пытанне. У нас замест замяшчэння ідзе вымыванне айчынных тавараў кітайскімі. А пасля і атрымоўваем дзіркі ў бюджэце, якія неабходна нейкім чынам затыкаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота myfin.by