Міхась Залескі: Нават бабулькі разумеюць, што з харчамі будзе праблема



„Лукашэнку – не пазайздросціш, ён знаходзіцца на кароткім павадку ў Пуціна, і дзецца яму няма куды,“ – кажа Міхась Залескі. Эканаміст пракаментаваў для нашага радыё рашэнне Расеі забараніць імпарт прадуктаў харчавання з Еўразвязу, ЗША, Нарвегіі ды Аўстраліі. Беларусь у той жа час мяркуе пастаўляць замест гэтага ў Расею ўласную прадукцыю. Міхась Залескі кажа, што і людзі пачынаюць разумець крызіснасць сітуацыі, ды ўзгадвае размову ў адным з аўтобусаў:

– Бабы старыя, пенсіянеры едуць, я з рыбы вяртаюся, я ж рана на рыбу хаджу, у чатыры-пяць, дык у дзесяць ужо дахаты еду. Дык вось гэтыя бабулькі, іх там чалавек пяць было, я ж таксама стары, то сяджу наперадзе, дык слухаю, і яны пастанавілі, што зараз у нас, каб зарабіць валюту на аплату даўгоў, выграбуць усю ежу і прададуць у Расею за валюту. Тут будзе рост цэнай і дэфіціт.

Эканаміст падкрэслівае, што ў самой Беларусі няма зашмат умоваў для нарошчвання аб’ёмаў выпуску малака або мяса, паколькі для гэтага не падрыхтаваныя тыя ж самыя сельскагаспадарчыя аб’екты. „Гэта не раптам робіцца,“ – дадае Міхась Залескі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя