Міхась Залескі: Паніка людзям не дапаможа
Урад карыстаецца выключна адміністрацыйнымі мерамі, і гэтыя меры – не адэкватныя сігналам рынку. Так беларускі эканаміст Міхась Залескі каментуе сітуацыю на валютным рынку краіны пасля таго, як Нацбанк пастанавіў браць 30-ці працэнтную камісіі пры куплі валюты. Насельніцтва масава кінулася ў абменнікі, у якіх цяпер даляраў ды еўра – няма. Эканаміст лічыць, што гэтая паніка людзям не дапаможа:
– Што гэтыя бедныя, няшчасныя людзі сабе ўратуюць? На колькі “чорных дзён” чалавек зможа купіць сабе даляраў? Няхай у яго ляжыць 10 сярэднямесячных заробкаў. І вось купіў ён сабе 5 тыс даляраў. І што гэта яму дасць? Ён купіць на іх машыну? Не. Кватэру? Не. Толку няма, на пахаванне хіба збіраць.
У той жа час беларусы надалей спрабуюць набыць замежную валюту, а таксама думаюць, якім чынам зберагчы свае ашчаджэнні. Наколькі гэта атрымліваецца, расказалі менчукі карэспандэнтам БелаПАНу:
– Я адкладваю на сябе, на сваё самаўдасканаленне, бо лічу, што лепшая інвестыцыя – гэта танцы, хобі, вывучэнне нечага новага, карыснага.
– Я студэнт, у мяне грошай няшмат. Таму я іх ні ў чым не зберагаю.
– У далярах, у збербанку.
– У што іх можна ўкладваць? Толькі ў золата.
– Як іх можна зберагчы? А ніяк! У мяне іх і няма. Як прыйшлі, так і пайшлі.
– Па магчымасці – ў розных валютах.
– У мяне грошай няма. Я – пісьменнік.
Адзначым, што на сайце Беларусбанка цяпер знаходзіцца інфармацыя, што курс куплі даляра складае 13 890, курс еўра – 16 930 беларускіх рублёў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота finance.tut.by