Міхась Залескі: Попыт на валюту можна было спрагназаваць
Праблема недахопу наяўнай замежнай валюты ў абменных пунктах камерцыйных банкаў будзе вырашана ў пачатку наступнага тыдня, паведаміла старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова. Паводле яе, дэфіцыт наяўнай валюты ўтварыўся з прычыны рэзкага павелічэння попыту: з пачатку снежня ён вырас больш чым у сем разоў, а банкі да гэтай сітуацыі апынуліся абсалютна не гатовыя. Мы звярнуліся па каментар да эканаміста Міхася Залескага:
– Кіраўнік дзяржавы выдаў загад, каб цэны з 15 снежня па 15 студзеня не падвышаліся. У гэтым загадзе нічога не было сказана пра 30% збор. А потым ён адбыўся з прычыны рэзкага павелічэння попыту на валюту. Гэты попыт можна было спрагназаваць, таму што, калі мы не падвышаем цэны перад святамі, то тыя капейкі, якія застаюцца ў людзей, яны будуць траціць на пакупку валюты. Гэты попыт на валюту быў яшчэ падхлёснуты расейскімі падзеямі.
Прыгадаем, што Нацбанк увёў 30-працэнтны збор пры куплі замежнай валюты, які будзе здымацца ў тым ліку пры разліку за мяжой з дапамогай банкаўскіх плацежных картак у беларускіх рублях і пры зняцці за мяжой наяўных грошай з рублёвых картак. Кажа Міхась Залескі:
– Па-першае, абсалютызуюцца адміністрацыйныя меры. Па-другое, кіраўніцтва краіны не бачыць далей свайго ўласнага носу. Па-трэцяе, прымаюцца меры, не адэкватныя сігналам рынка.
Пра гэта сведчыць і апошняе рашэнне ўраду Беларусі, які ўвёў мараторый на падвышэнне цэнаў на спажывецкія тавары. Таксама ўрад патрабуе забяспечыць паліцы крамаў усімі неабходнымі таварамі. У выпадку невыканання гэтай пастановы Савета Міністраў, кіраўнікам пагражаюць звальненнем, а арганізацыям і крамам – закрыццём.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота nv-online.info