Міхась Залескі: Тэхнічныя рэгламенты напісаны на карысць Расеі



Старшыня грамадскага аб’яднання „Перспектыва” Анатоль Шумчанка накіраваў Аляксандру Лукашэнку ліст з просьбай увесці мараторый на дзеянне двух указаў, якія рэгулююць дзейнасць індывідуальных прадпрымальнікаў. Закон практычна паралізуе працу гандляроў, якія плацяць падаткі ў дзяржаўную казну, з другога боку занятыя ў гэтай галіне людзі папоўняць рады беспрацоўных.

Міхась Залескі

Міхась Залескі (Фота svaboda.org)

Мы запыталі ў эканаміста Міхася Залескага, чаму тады, па яго меркаванню, кіраўнік краіны не хоча адмяніць указ № 222?:

– Гэтая еўразійская супольнасць галоўнай сваёй сарцавінай мае сямнаццаць тэхнічных рэгламентаў, якія ўсе напісаны на карысць Расеі. І вось уключэнне гэтых тэхнічных рэгламентаў яно і вядзе да знішчэння гэтаё усёй нашай драбязы. Замест іх сюды павінны прыйсці расейскія гандляры, бо ў тэхнічных рэгламентах яны павінны прадстаўляць паперы, якія яны не могуць прадставіць таму, што расейцы ім такіх папераў не даюць, вось і ўсё.  

З 1 студзеня 2016 года згодна з указам № 222 ІП павінны рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Праблема ў тым, што большасць расейскіх пастаўшчыкоў, у якіх беларускія ІП, як правіла, закупляюць тавар, адмаўляюцца выдаваць дакументы пра паходжанне прадукцыі або выдаюць фіктыўныя даведкі. Гэта становіцца падставай для штрафаў і канфіскацыі маёмасці ў ІП.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя