Міхась Залескі: У Еўразійскім саюзе ніхто не зможа адстойваць інтарэсы Беларусі
Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад урада рэалізацыі курса на паслядоўнае паглыбленне еўразійскай інтэграцыі пры жорсткім і папераджальным адстойванні нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Такую задачу ён паставіў на пасяджэнні 6-й пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў, прадстаўляючы Андрэя Кабякова на пасадзе прэм’ер-міністра. Незалежны эканаміст Міхась Залескі, каментуючы заяву кіраўніка краіны, адназначна кажа, што адстойваць інтарэсы Беларусі ў Еўразійскім саюзе ніхто ўжо не зможа.
– Таму што асноўнае ў гэтым дакуменце, у дамове пра Еўразійскі саюз, з’яўляюцца тэхнічныя рэгламенты, якіх вельмі многа і ў якіх усё распісана на карысць Расеі. І перапісаць што-небудзь там ужо немагчыма. Таму ўсе гэтыя заявы – гэта сатрасенне паветра. Проста ўсе гэтыя пытанні, якія будуць узнікаць у бліжэйшы час, іх трэба было вырашаць у 2008 – 2010 гадах, калі ўсё гэта рабілася. А гэта ўсё было падпісана абы толькі выбары правесці ў 2010 годзе.
Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь уступіла ў 2015 год як першы старшыня Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). „Мы павінны выкарыстоўваць нашы канкурэнтныя перавагі, не прапусціць адкрытыя патэнцыяльныя магчымасці і заняць выгадныя нам нішы”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя