Міхась Залескі: Усё будзе залежыць ад нашай канкурэнтаздольнасці



Беларусь і Пакістан могуць павялічыць узаемны таваразварот да 1 мільярда даляраў, заявіў Аляксандр Лукашэнка на беларуска-пакістанскім бізнес-форуме, які прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Эканамічны аглядальнік Міхась Залескі, каментуючы щляхі павелічэння таваразвароту паміж Беларуссю і Пакістанам, адзначае, што гэта магчыма, калі Беларусь будзе ў стане пастаўляць канкурэнцыйную прадукцыю.

– І мы хочам удзельнічаць у глабальнай канкурэнцыі на тэрыторыі Пакістана. У залежнасці ад таго, якой будзе нашая глабальная канкурэнтаздольнасць, мы будзем выцясняць з пакістанскага рынка амерыканскія, японскія, польскія, венесуэльскія і іншыя тавары сваімі… Патрэбна рэфармаваць эканоміку. Патрэбна станавіцца з галавы на ногі. Ну нарэшце мы калі-небудзь развітаемся з усім гэтым савецкім парадкам. Вось пакуль мы з гэтым не развітаемся, толку ніякага не будзе.

Беларускі кіраўнік перакананы, што бізнес-форум будзе садзейнічаць павелічэнню ўзаемнага таваразвароту паміж дзвюма краінамі на працягу бліжэйшых гадоў. Ён дадаў, што і Беларусь, і Пакістан зацікаўленыя ў паступовым пераходзе ад узаемнага гандлю да вытворчай кааперацыі, у прыватнасці, у такіх сферах, як энергетыка, сувязь, лагістыка, біятэхналогіі, фармакалогія, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя