Міхась Залескі: Вада дзірачку знойдзе



Вынікі новых абмежавальных мераў на ўвоз тавараў у Беларусь будуць “касметычнымі”. Такую ўпэўненасць выказвае эканаміст Міхась Залескі, каментуючы ўвядзенне новых лімітаў на ўвоз тавараў у Беларусь і замежныя пасылкі. Улады непакоіць такі імпарт, бо нават і невялікія яго аб’ёмы ўплываюць на працу часткі айчынных прадпрыемстваў, найперш лёгкай прамысловасці і перапрацоўчай галіны.

Міхась Залескі

„Праўда, – кажа Міхась Залескі, – людзі заўсёды знойдуць для сябе выйсце”:

– Мая маці казала: вада дзірачку знойдзе. А тут не дзірачка – а тысячы кіламетраў адкрытай мяжы з Расеяй і паўтысячы кіламетраў напаўадкрытай мяжы з Украінай. То бок, мяжа ў нас фактычна толькі з боку Літвы, Латвіі і Польшчы. І ўсё гэта выглядае вельмі смешна. Калі нехта захоча тавар увезці, то ён яго ўвязе. Проста адбудзецца спецыялізацыя. Так кожны сам сабе цягне, а так з’явяцца людзі, якія будуць завозіць яго праз Расею.

Ад сёння ў Беларусі ўведзеныя новыя правілы ўвозу тавараў для асабістага карыстання. Абмежаванне – гэта кошт тавара 300 еўра або вага 20 кілаграмаў. За перавышэнне нормаў давядзецца плаціць не толькі мытную пошліну, але і падатак на дададзеную вартасць. Але толькі ў тым выпадку, калі асоба перасякае мяжу часцей, чым раз на тры месяцы. Будуць улічвацца і тавары, набытыя ў крамах бяспошліннага гандлю – duty free.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя