Мінбудархітэктуры: Будаўніцтва „Газпром-цэнтра” ў Менску пакуль спыненае
Будаўніцтва „Газпром-цэнтра” ў Менску пакуль спыненае, паведаміў, адказваючы на пытанне БелаПАН, першы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Ігар Касцюкоў пасля цырымоніі адкрыцця 23-й міжнароднай архітэктурна-будаўнічай выставы Budexpo 17 сакавіка.
„Ёсць пэўныя цяжкасці з геалогіяй, з праектнай дакументацыяй. Цяпер спецыялісты працуюць, каб высветліць гэтыя пытанні і прыняць далейшае рашэнне, што і як далей рабіць”, — сказаў Касцюкоў.
Ён таксама адзначыў праблему даўгабудаў. „Перш за ўсё яны з-за непрыстойных забудоўшчыкаў, асноўная праблема — у Менску. У абласных цэнтрах гэтая праблема не такая актуальная, у асноўным там будуюцца аб’екты ў нарматыўныя тэрміны, бывае нязначнае зацягванне будаўніцтва. Больш за 98% даўгабудаў знаходзіцца ў Менску”, — удакладніў чыноўнік.
Шматфункцыянальны комплекс „Газпром-цэнтр” узводзіцца на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава. Аўтавакзал „Маскоўскі”, які размяшчаўся на гэтым месцы, знеслі, што выклікала незадаволенасць грамадскасці.
Указ аб будаўніцтве быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у красавіку 2013 года. Комплекс будзе ўключаць офісы „Газпрома”, гасцініцу, паркінг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, медыцынскі цэнтр і аўтаномную энергагенерыруючую ўстаноўку. Акрамя таго, на тэрыторыі комплексу павінны размясціцца дзіцячы цэнтр развіцця і спадарожныя аб’екты гандлю і паслуг.
Цырымонія закладкі памятнай капсулы ў знак пачатку будаўніцтва адбылася 21 жніўня 2015 года.
У снежні 2016-га будаўнічыя работы былі закансерваваныя. Паводле адной версіі, асноўнай прычынай прыпынення стала скарачэнне фінансавання праекта з боку „Газпрома” з-за газавай спрэчкі паміж Беларуссю і Расіяй, паводле іншай — тэхнічныя праблемы, звязаныя з прасяданнем падмурка.
У сакавіку 2017 года тагачасны намеснік старшыні Мінгарвыканкама Віктар Лапцеў заявіў, што ў сталічных уладаў і забудоўшчыкаў „Газпром-цэнтра” ёсць жаданне рэалізаваць праект.
22 сакавіка 2019 года генеральны дырэктар ААТ „Газпром трансгаз Беларусь” Уладзімір Маёраў заявіў, што будынак „Газпром-цэнтра” будзе здадзены ў эксплуатацыю ў снежні 2020 года. Паводле яго слоў, падчас будаўніцтва ўзніклі геалагічныя ўскладненні. З такімі ўскладненнямі сутыкаліся і пры будаўніцтве размешчанай побач Нацыянальнай бібліятэкі, адзначыў Маёраў. „Таму цяпер працуем над узмацненнем палевага падмурка, каб забяспечыць устойлівасць будынка. Работы ідуць, у 2020 годзе аб’ект будзе здадзены”, — запэўніваў гендырэктар.