Мінэканомікі бачыць рызыку запаволення эканомікі да 2,5%
Міністэрства эканомікі бачыць рызыкі запаволення беларускай эканомікі пры рэалізацыі інерцыйнага сцэнара, заявіў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч, выступаючы 9 ліпеня на канферэнцыі ў Менску, арганізаванай агенцтвам Fitch Ratings.
„Урад прытрымліваецца макраэканамічнай збалансаванасці, якая з’яўляецца асновай для ўстойлівага эканамічнага росту”, — падкрэсліў Ярашэвіч.
Ён таксама дадаў, што ўрад прыкладае намаганні для павышэння эканамічнага патэнцыялу. „Аналізуючы сітуацыю за мінулыя гады, нельга сказаць, што структурныя змены не праходзілі, аднак яны ідуць не вельмі хутка”, — канстатаваў Ярашэвіч.
Намеснік міністра эканомікі адзначыў, што ў Беларусі паступова скарачаецца доля дзяржсектара ў ВУП, расце ўклад больш прадукцыйнага малога і сярэдняга бізнесу ў эканоміку, а таксама развіваецца ІТ-галіна. Разам з тым ён дадаў, што „для ўстойлівага доўгатэрміновага росту эканомікі гэтага недастаткова”.
„Існуе рызыка запаволення эканамічнага росту да 2,5% у выпадку захавання інерцыйнага сцэнара развіцця эканомікі”, — сказаў Ярашэвіч.
У сувязі з гэтым ён паведаміў, што дзяржорганы сумесна з Сусветным банкам працягваюць працу „над дарожнай картай павышэння эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі”. „Склад рабочай групы зацверджаны, праца ідзе дзесьці не так хутка, як хацелася б, паколькі мы павінны ўлічваць і сацыяльныя фактары”, — адзначыў Ярашэвіч.
Ён паведаміў, што з боку членаў рабочай групы часта гучаць „прапановы занадта радыкальныя для нас”. „Таму дарожная карта у тым выглядзе, у якім планавалася, з’явіцца, напэўна, няхутка”, — расказаў Ярашэвіч.
Пры гэтым ён удакладніў, што праца па падрыхтоўцы дарожнай карты „ідзе па пяці асноўных кірунках: садзейнічанне падтрымцы і развіццю стабільнага фінансавага сектара, павышэнне ўстойлівасці дзяржаўных фінансаў, удасканаленне палітыкі кіравання дзярждоўгам, павышэнне эфектыўнасці рэальнага сектара, устойлівае забеспячэнне энергетычнымі паслугамі”.
„Структурныя рэформы, пазначаныя ў дакуменце, накіраваны на стымуляванне росту, прыцягненне інвестыцый і стварэнне новых працоўных месцаў”, — рэзюмаваў Ярашэвіч.
belapan.by