Мінэканомікі Літвы адзначае рост цікавасці беларускіх кампаній да рэлакацыі бізнесу



 Усё больш беларускіх прадпрыемстваў маюць намер перабрацца ў Літву па меры зняцця каранцінных абмежаванняў, паведаміла на пасяджэнні парламенцкага камітэта па сацыяльных пытаннях і працы віцэ-міністр эканомікі і інавацый Ёвіта Нелюпшэне, перадае Delfi са спасылкай на BNS.

„У апошнія тыдні, вядома, з-за некаторых аслабленняў у каранцінных абмежаваннях мы назіраем павышаную зацікаўленасць. <…> Набліжаецца заканчэнне навучальнага года, так што гэтая зацікаўленасць, на наш погляд, яшчэ ўзрасце”, — сказала літоўская чыноўніца.

Паводле яе слоў, 43 беларускія прадпрыемствы ўжо пачалі працэс пераводу, а 37 яшчэ думаюць. Цікавасць да Літвы выказваюць увогуле 110 беларускіх прадпрыемстваў, яны маглі б стварыць у Літве прыблізна 3 тысяч новых працоўных месцаў.

„Гэтыя 3 тыс. беларусаў не павінны стварыць асаблівай рызыкі (на рынку інфармацыйных тэхналогій)”, — сказала Нелюпшэне.

Яна адзначыла, што ў Літву пераважна хочуць перабрацца ІТ-спецыялісты, якія працуюць у сферы стартапаў, аказваюць паслугі развіцця бізнесу, стваральнікі гульняў.

Парламенцкі камітэт абмеркаваў і зацвердзіў так званы пакет аб рэлакацыі работнікаў. Ён павінен дапамагчы інвеставаць у Літве прадпрыемствам, якія ўзялі абавязкі, з трэціх краін, перш за ўсё з Беларусі, без асаблівых перашкод перавесці работнікаў і членаў іх сем’яў у Літву. Калі папраўкі будуць прынятыя, на льготы змогуць прэтэндаваць прадпрыемствы, што падпісалі дагаворы інвестыцый з урадам Літвы і абавязаліся інвеставаць як мінімум 1,45 млн еўра, стварыць як мінімум 20 новых працоўных месцаў і плаціць зарплаты ў памеры 1,5 сярэдняй велічыні зарплаты ў самакіраванні, дзе будуць зробленыя капіталаўкладанні.

Паводле слоў Нелюпшэне, дагаворы інвестыцый з урадам ужо падпісала 71 беларускае прадпрыемства. Міністэрства эканомікі і інавацый спадзяецца, што папраўкі ўвойдуць у сілу ў чэрвені.

БелаПАН