Мінэканомікі: Мы не можам абапірацца на інтэграцыю ў ЕАЭС як вызначальны фактар развіцця
Беларусь пры выбудоўванні сваёй эканамічнай палітыкі не можа абапірацца на інтэграцыю ў ЕАЭС як вызначальны фактар развіцця, заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў 28 лютага на пашыраным пасяджэнні калегіі ведамства.
Ён заўважыў, што беларускі бок выступае за ліквідацыю рознага кшталту выключэнняў і абмежаванняў з гандлю ў межах ЕАЭС, аднак іншыя краіны „не гатовыя да паўнавартаснай кааперацыі”.
„Гэта азначае, што, вызначаючы стратэгічныя вектары развіцця эканомікі, мы не можам спадзявацца на фактар саюзнай інтэграцыі як вызначальны. Пра гэта ж сведчыць працэс падрыхтоўкі дакументаў у межах Саюзнай дзяржавы”, — заявіў Чарвякоў.
Таму, падкрэсліў ён, Беларусі трэба развіваць эканамічную інтэграцыю і па іншых напрамках.
„Трэба выкарыстоўваць для прасоўвання беларускага экспарту пагадненні паміж ЕАЭС і трэцімі краінамі. Таксама не задзейнічаны патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлі паслугамі і інвестыцыямі”, — сказаў Чарвякоў.
На яго думку, новыя напрамкі эканамічнай інтэграцыі могуць зрабіць значны ўнёсак у прырост ВУП.
„Папярэднія ацэнкі паказваюць, што новыя напрамкі эканамічнай інтэграцыі могуць забяспечыць прырост ВУП на 5-6 млрд долараў да канца наступнай пяцігодкі. Неабходнае аналітычнае забеспячэнне гэтай задачы”, — адзначыў Чарвякоў і даручыў падрыхтаваць маладых аналітыкаў, якія дапамогуць Мінэканомікі правесці аналіз інтэграцыйных працэсаў.
belapan.by