Мінэканомікі: На працягу месяца-двух бізнес пачне жыць у новых умовах



На працягу месяца-двух бізнес пачне жыць у новых умовах, заявіў дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Пётр Арушаньянц, выступаючы 22 мая на эканамічнай канферэнцыі ў Менску.

„Міністэрства эканомікі ў цесным узаемадзеянні з дзелавой супольнасцю падрыхтавала праект стратэгіі развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва”, — адзначыў Арушаньянц. У працы над дакументам, расказаў ён, прымала ўдзел каля 50 чалавек, дэлегаваных бізнес-асацыяцыямі і прадпрыемствамі.

На думку дырэктара дэпартамента Мінэканомікі, беларускі бізнес ужо ў найбліжэйшы час адчуе эфект ад той працы, якую вядзе дзяржава з мэтай паляпшэння дзелавога клімату.

„Як усе ведаюць, сфарміраваны пакет нарматыўных актаў, якія прадугледжваюць радыкальнае скарачэнне патрабаванняў да бізнесу. Іх прыняцце не толькі дазволіць бізнесу зэканоміць сродкі, але і ў прынцыпе займацца відамі эканамічнай дзейнасці, якія раней былі моцна зарэгуляваныя”, — сказаў Пётр Арушаньянц.

„Сёння праца над пакетам нарматыўных актаў па спрашчэнні ўмоў бізнесу знаходзіцца на завяршальнай стадыі. У выніку нагрузку на бізнес мы зможам значна скараціць”, — адзначыў прадстаўнік Мінэканомікі.

12 мая афіцыйна завяршыліся грамадскія абмеркаванні пакета прававых актаў па стымуляванні дзелавой актыўнасці. Праекты дзяржаўных рашэнняў прадугледжваюць выключэнне залішніх патрабаванняў, што прад’яўляюцца да бізнесу, скарачэнне ліцэнзаваных відаў дзейнасці, а таксама ўдасканаленне кантрольнай дзейнасці.

Беларускія бізнес-саюзы лічаць, што для паляпшэння дзелавога клімату неабходна не толькі ўнесці змены ў заканадаўства, але і стварыць інстытут, які на дзяржаўным узроўні стане на пастаяннай аснове абараняць правы прадпрымальнікаў.

„Пяць рэспубліканскіх бізнес-саюзаў гэтае пытанне абмяркоўваюць яшчэ з восені мінулага года. Выносілі яго на разгляд грамадска-кансультатыўнага савета пры Міністэрстве эканомікі, а таксама на Савет па развіцці прадпрымальніцтва”, — нагадаў БелаПАН старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.

На яго думку, гэта тэма „і саспела, і пераспела, і гэты інстытут адназначна будзе карысны краіне”.

„У ідэале гэта павінен быць дзяржорган, які ўзначальвае ўпаўнаважаны па правах прадпрымальнікаў. У яго павінен быць апарат і рэгламентныя паўнамоцтвы, як гэта ёсць у Расеі, якія дазваляюць атрымліваць вычарпальную інфармацыю па спрэчных сітуацыях і бараніць законныя правы прадпрымальнікаў на дзяржаўным узроўні”, — лічыць Швец.

Як паведамлялася, Мінэканомікі пачало распрацоўку стратэгіі развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва да 2030 года ў маі 2016 года. Працоўную групу ўзначаліла намеснік міністра Ірына Касцевіч, у яе склад увайшлі прадстаўнікі бізнес-саюзаў і Міжнароднай фінансавай карпарацыі. Стратэгію плануецца ўнесці ва ўрад да сярэдзіны 2017 года. Адным з пастулатаў дакумента стане дасягненне да 2030 года 50-працэнтнага ўкладу малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП. У пачатку 2017 года прадстаўнікі бізнес-саюзаў раскрытыкавалі праект стратэгіі і прапанавалі яго значна перапрацаваць.

Паводле БелаПАН