Мінэканомікі прагназуе рост малога бізнесу



“У 2017 годзе паспрабуем пераламіць сітуацыю ў малым прадпрымальніцтве на рост,” – кажуць у Міністэрстве эканомікі.

У 2015 і 2016 гадах малы бізнес, як і ўся беларуская эканоміка, паказваў падзенне прыбыткаў і ўвогуле развіцця, паведаміў журналістам дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Пётр Арушаньянц. Але, паводле чыноўніка, зараз распрацаваны план, які дазваляе спадзявацца на ўстойлівы рост малога бізнесу ў наступным годзе.

– Наша задача – змяніць гэтую тэндэнцыю на рост. Мы падрыхтавалі шмат розных мерапрыемстваў для таго, каб перамагчы гэтую тэндэнцыю. Я думаю, што 2017 год пакажа, наколькі эфектыўна мы спрацавалі. Але я мяркую, што пойдзе тэндэнцыя ўстойлівага росту.

Сярод галоўных мер, што павінны спрацаваць на рост малога бізнесу, Пётр Арушаньянц назваў удасканаленне дзелавога асяродка і кропкавую падтрымку цікавых прапановаў і праектаў.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск