Мінэнерга абвясціла пра планавае спыненне рэактара першага блока БелАЭС
Міністэрства энергетыкі абвясціла пра планавае спыненне рэактара першага энергаблока Беларускай АЭС.
„У рамках завяршэння этапа энергетычнага пуску на БелАЭС ажыццёўлена планавае адключэнне першага энергаблока ад энергасістэмы, рэактарная ўстаноўка спыненая. Праводзіцца тэставанне ўсіх сістэм і абсталявання, якое будзе доўжыцца да 11 снежня”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы энергетычнага ведамства.
Першы блок АЭС уключылі ў энергасістэму краіны 3 лістапада. 8 лістапада выпрацоўка электрычнасці спынілася. 9 лістапада ананімныя крыніцы ў беларускіх тэлеграм-каналах заявілі, што турбіну спынілі з-за выхаду са строю трансфарматараў напружання на адным з агрэгатаў. Крыху пазней прэс-служба Мінэнерга паведаміла, што падчас выпрабаванняў на першым блоку „выяўлена неабходнасць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання”.
Часовае прыпыненне пастаўкі электраэнергіі з БелАЭС Мінэнерга пацвердзіла 10 лістапада, адзначыўшы, што гэта „прадугледжана праграмай этапа „Энергетычны пуск”. 19 лістапада Міністэрства паведаміла аб паўторным уключэнні блока ў сетку пасля замены некаторага абсталявання і выпрабаванняў.
1 снежня прэс-служба Мінэнерга паведаміла, што пасля прадугледжанага праграмай выпрабаванняў скіду пара была выяўлена неабходнасць „дадатковай карэкціроўкі работы накрывак шумапаглынальнікаў пары”. Тады падкрэслівалася, што блок застаецца ўключаным у сетку. За некалькі гадзін да гэтага паведамлення ў тэлеграм-канале motolkohelp са спасылкай на неназваную крыніцу з’явілася інфармацыя аб тым, што напярэдадні на першым блоку АЭС была „няштатная сітуацыя, у выніку адбыўся экстранны скід ціску”. Сцвярджалася, што „скід быў такой сілы, што развярнуў каўпакі клапанаў вагой у некалькі соцень кілаграмаў”. Пры гэтым заяўлялася, што рэактар цалкам спынены.
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць), недалёка ад мяжы з Літвой, за кошт крэдыту Расіі па расійскім праекце ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам збудавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у структуру дзяржкарпарацыі „Росатам”.
У адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі ажыццявіць увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС загадана ў 2021 годзе (без указання канкрэтнага месяца, квартала або паўгоддзя), а двухблочнай атамнай станцыі ў цэлым — у першай палове 2022 года.
belapan.by