Мінэнерга: Лішку электраэнергіі пасля запуску БелАЭС не будзе
Пасля запуску Беларускай АЭС у краіне не ўтворыцца лішку электраэнергіі, заявіла журналістам 25 верасня перад адкрыццём Дня атамных тэхналогій у БДУ намеснік дырэктара дэпартамента па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі Лілія Дулінец.
„Цяпер [ідзе] трошачкі такая хваля, што будзе лішак электраэнергіі, — сказала яна. — Не, лішку электраэнергіі не будзе. Мы планавалі атамную станцыю для ўласных патрэб, але, вядома, калі будзе магчымасць экспартаваць, то трэба будзе пралічваць, наколькі гэта эканамічна выгадна і мэтазгодна. На гэтыя пытанні мы шмат адказвалі, у тым ліку наш былы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка”.
„Што тычыцца інтэграцыі АЭС у эканоміку краіны, ёсць цэлая праграма інтэграцыі, якая ўлічвае у тым ліку будаўніцтва шэрагу электракацельняў. Усё гэта ўжо пралічана і цяпер рэалізуецца”, — дадала чыноўніца.
Дулінец нагадала, што зараз кошт на электраэнергію наўпрост залежыць ад цаны на прыродны газ, паколькі 90% электрычнасці ў краіне выпрацоўваецца менавіта на гэтым рэсурсе.
„Цана на газ расце, і прама прапарцыйна вырастае цана на вырабляную электраэнергію. Стаіць задача — стрымаць рост тарыфаў. Перш за ўсё, мы павінны зрабіць гэта з дапамогай атамнай генерацыі”, — падкрэсліла прадстаўніца Мінэнерга.
Варта зазначыць, што на прэс-канферэнцыі 4 верасня намеснік міністра энергетыкі Вольга Пруднікава заявіла, што ў сувязі з маючым адбыцца уводам АЭС Беларусь вядзе перамовы аб экспарце электраэнергіі з усімі суседнімі дзяржавамі-партнёрамі.
„Мы вядзем разнавектарныя перамовы з усімі дзяржавамі-партнёрамі, суседзямі, у тым ліку ў рамках стварэння агульнага электраэнергетычнага рынку ЕАЭС. <…> З уводам БелАЭС у Беларусі з’явіцца магутны экспартны патэнцыял, гэта бясспрэчна”, — казала намеснік міністра.
Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце АЭС-2006 новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.
belapan.by