Мінэнерга: У красавіку на будаўніцтве АЭС быў дэфект пры падрыхтоўчых працах



На будаўніцтве Беларускай АЭС 8 красавіка зафіксаваны дэфект пры падрыхтоўчых працах, наступствы якога былі ліквідаваныя. Пра гэта 6 мая паведаміла прэс-служба Міністэрства энергетыкі, каментуючы сітуацыю вакол публікацыі аб тым, што мела месца абрушэнні стойкі будаванага ў Астраўцы будынка ядзернага абслугоўвання электрастанцыі.

7u1_n8pe16xy

У міністэрстве заявілі, што ў размешчанай на сайце тэлеканала „Белсат” інфармацыі, „верагодна, ідзе гаворка пра выпадак, які адбыўся на будоўлі 8 красавіка 2016 года, калі пры кладцы бетону аднаго з перакрыццяў бытавых і падсобных памяшканняў адбылося частковае пашкоджанне падтрымліваючых канструкцый апалубкі”.

3Kjo8tBlg_rE-800x450

„Гэты выпадак разглядаецца як дэфект пры падрыхтоўчых працах, наступствы якога былі ліквідаваныя ў поўнай адпаведнасці з дзейнымі пры будаўніцтве рэгламентамі і тэхналогіяй. Дэфект быў ліквідаваны, блок перакрыцця падрыхтаваны да бетанавання і здадзены камісіі ў адпаведнасці з тэхнічнымі патрабаваннямі, — зазначаецца ў афіцыйным каментары Мінэнерга. — У сувязі з гэтым асабліва падкрэсліваем, што пашкоджанняў і разбурэнняў канструктыва, прынятых заказчыкам, на аб’ектах Беларускай АЭС за ўвесь час будаўніцтва не было”.

1YkVZ969E4OM-800x450

У Міністэрстве падкрэслілі, што для забеспячэння якасці будаўніча-мантажных работ на Беларускай АЭС увесь час ажыццяўляецца будаўнічы кантроль прадстаўніцтвам АТ „НІАЭП” (Ніжні Ноўгарад), а тэхнічны нагляд за будаўніцтвам — дзяржаўным прадпрыемствам „Беларуская АЭС”. На пастаяннай аснове ажыццяўляецца кантроль якасці матэрыялаў і абсталявання, якія паступаюць на пляцоўку будаўніцтва, дадалі ў ведамстве.

8uOllcTg6pmM-800x450

Як паведамлялася раней, 5 мая Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла паслу Беларусі Аляксандру Каралю ноту з-за „магчымага інцыдэнту на размешчанай за 50 км ад Вільнюса Астравецкай атамнай электрастанцыі”. „Мы адразу ж, як толькі атрымалі гэтую інфармацыю з нефармальных крыніц, сталі прымаць меры, а сёння ў міністэрства быў выкліканы пасол Беларусі, якому была ўручаная нота з патрабаваннем тлумачэнняў гэтага інцыдэнту або аварыі, пра іншыя магчымыя здарэнні, якія мелі месца да гэтага, бо пра гэта пішуць беларускія СМІ”, — заявіў журналістам у Вільнюсе міністр замежных спраў краіны Лінас Лінкявічус.

У МЗС Беларусі сітуацыю не каментуюць.

3 мая літоўскае знешнепалітычнае ведамства выступіла з заявай, у якой заклікала Беларусь „як мага хутчэй выканаць патрабаванні МАГАТЭ па ядзернай бяспецы”.

Афіцыйны Вільнюс неаднаразова падкрэсліваў, што Літва не мае намеру купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. З пункту гледжання літоўскага боку, будаўніцтва станцыі парушае патрабаванні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (Канвенцыя Эспа), якая прадугледжвае ацэнку ўздзеяння аб’ектаў на навакольнае асяроддзе не толькі ўнутры краіны, але і ў сумежных краінах.

Беларуская АЭС узводзіцца ў Гродзенскай вобласці, прыкладна за 20 км ад Астраўца, па праекце расійскай кампаніі „Атамбудэкспарт”. Генеральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам выступае расійская кампанія ААТ „НІАЭП” — ЗАТ „АСЭ”. Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны да 2018 года, другога — да ліпеня 2020 га.

belapan.by