Мінфін ацэньвае ўплыў нафтавага фактару на бюджэт Беларусі



Міністэрства фінансаў Беларусі цяпер ацэньвае ўплыў нафтавага фактару на бюджэт, паведаміў 10 сакавіка журналістам намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.

„Цяпер робім ацэнку. Яна вядзецца з пачатку бягучага года, паколькі дамоўленасці з нафтай пакуль не вызначаны, мы працуем у такім рэжыме”, – адзначыў Дзмітрый Кійко.

Паводле слоў намесніка міністра, ацэнка ўплыву на бюджэт будзе падрыхтавана, калі вызначацца ўсе ўмовы па гандлі нафтай і, у прыватнасці, паставак з Расейскай Федэрацыі.

Адказваючы на пытанне, за кошт чаго прафіцыт рэспубліканскага бюджэту ў студзені сфарміраваўся ў памеры Br0,9 млрд, Дзмітрый Кійко растлумачыў: гэтаму садзейнічала паступленне падаткаў за папярэдні перыяд. „У студзені былі даходныя паступленні, звязаныя з дзейнасцю 2019 года. Паколькі ў нас падаткі выплачваюцца ў наступным перыядзе, то студзеньскія паступленні звязаны са снежаньскай актыўнасцю суб’ектаў гаспадарання”, – удакладніў ён.

Як паведамлялася, беларускія НПЗ у студзені і лютым працавалі на загрузцы 50 працэнтаў і перапрацавалі каля 1,8 млн т нафты. Аб’ём паставак у сакавіку складзе каля 1 млн т нафты, на НПЗ будзе перапрацоўвацца нафта, купленая ў азербайджанскай кампаніі Socar, а таксама сыравіна ад трэйдараў і пяці невялікіх расійскіх кампаній і „Сафмара”.

Ва ўмовах скачкоў цэн на сусветным нафтавым рынку канцэрн „Белнафтахім” ацэньвае сітуацыю для прыняцця далейшых рашэнняў аб закупках. Напярэдадні сусветныя цэны на нафту рэзка знізіліся пасля таго, як краіны ОПЕК+ па выніках перагавораў у Вене не змаглі дамовіцца аб дадатковым скарачэнні здабычы нафты ва ўмовах спаду попыту з-за каранавіруса. У бюджэт Беларусі на 2020 год закладзена цана нафты маркі Urals $60 за бараль.

belta.by