Мінфін Беларусі ацаніў страты з-за падатковага манеўру Расеі ў 10 млрд долараў
Па самым негатыўным сцэнары Беларусь з-за падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расеі можа страціць 10 млрд долараў, заявіў намеснік міністра фінансаў Андрэй Белкавец на форуме для замежных інвестараў BelarusCrossway’18.
Намеснік міністра нагадаў, што Беларусь вядзе перамовы з Расеяй па пытанні кампенсацыі наступстваў падатковага манеўру.
„Урады цяпер вядуць перамовы, і, наколькі вядома, ёсць разуменне ў расейскага боку, што не можа быць рэалізаваны падатковы манеўр без уліку інтарэсаў Беларусі”, — сказаў Белкавец.
Пры гэтым ён адзначыў, што ў бюджэт на 2019 год Мінфін пакуль не закладваў кампенсацыю, бо яе велічыня невядомая. Намеснік міністра таксама паведаміў, што яго ведамства пралічыла магчымыя страты краіны ў выпадку, калі Беларусь не атрымае кампенсацыю ад Расеі.
„Самы негатыўны сцэнар — бакі не дамовіліся, разышліся па сваіх пакоях і глядзяць адзін на аднаго, — сказаў намеснік міністра фінансаў. — На працягу шасці гадоў (за час рэалізацыі падатковага манеўру. — БелаПАН.) страты для Беларусі, калі нічога не змяняць, складуць каля 10 млрд долараў, з іх 3 млрд — выпадаючыя прыбыткі бюджэту, 6 млрд — пагаршэнне эканомікі двух нафтаперапрацоўчых заводаў”, — сказаў Белкавец.
Пры гэтым ён выказаў упэўненасць, што „такога не будзе” і Беларусь атрымае ад Расеі кампенсацыю наступстваў падатковага манеўру.
Фота: pixabay.com