Мінфін: Будучыня аховы здароўя – за развіццём страхавой медыцыны
Неабходна знайсці дадатковыя спосабы матывацыі бізнесу і прафсаюзных арганізацый да медыцынскага страхавання сваіх работнікаў, будучыня аховы здароўя – за развіццём такога страхавання, лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення фінансавання сацыяльнай сферы і навукі Мінфіна Таццяна Астрэйка.
«У полі зроку дзяржавы знаходзяцца як бягучыя, так і інвестыцыйныя патрэбы аховы здароўя. Але нават у самых развітых і багатых краінах дзяржава не бярэ на сябе ўсе выдаткі ў медыцынскай сферы», – адзначыла Астрэйка ў сваім артыкуле, апублікаваным у апошнім нумары часопіса «Фінансы, улік, аўдыт», які выдаецца Мінфінам.
У сувязі з гэтым яна звярнула ўвагу, што цяпер добраахвотнае страхаванне медыцынскіх расходаў у Беларусі ажыццяўляюць 13 страхавых арганізацый.
«Аднак, нягледзячы на стымулюючыя меры эканамічнай палітыкі (падатковыя прэферэнцыі), ахоп насельніцтва страхаваннем медыцынскіх расходаў застаецца нязначным і складае менш за 11% занятых у эканоміцы (у 2019 годзе – каля 535 тыс. чалавек)», – зазначыла Астрэйка.
Паводле яе слоў, наймальнікі з’яўляюцца асноўнай «фокус-групай» у развіцці добраахвотнага медыцынскага страхавання.
«Яны забяспечваюць каля 84% з агульнай колькасці застрахаваных асоб. Неабходна знайсці дадатковыя спосабы матывацыі бізнесу і прафсаюзных арганізацый да страхавання сваіх работнікаў. Бо іх здароўе – гэта не толькі залог здароўя нацыі ў цэлым, але і прадуктыўнасць працоўнай сілы, а значыць – прыбытак для бізнесу», – падкрэсліла Астрэйка.
Паводле звестак Мінфіна, у 2019 годзе на фінансаванне медыцынскіх расходаў страхавыя кампаніі Беларусі накіравалі ў форме страхавых выплат больш за 37 млн долараў. Сярэдняя сума страхавых выплат на адну застрахаваную асобу – каля 145 рублёў, страхавых узносаў – прыкладна 226 рублёў.
«Пры развіцці добраахвотнага страхавання медыцынскіх выдаткаў у нашай краіне заслугоўвае ўвагі вопыт Паўднёвай Карэі, які прадугледжвае стварэнне страхавымі кампаніямі базавай клінікі для аказання канкурэнтаздольных медыцынскіх паслуг», – лічыць Астрэйка.
Яна адзначыла, што па меры росту ўзроўню жыцця насельніцтва і павелічэння патрабаванняў да якасці медыцынскай дапамогі людзі ўсё часцей звяртаюцца да медыцынскага страхавання.
«Платныя медыцынскія паслугі запатрабаваныя ў грамадстве, галоўным чынам за кошт маштабнай мадэрнізацыі абсталявання, укаранення сучасных метадаў дыягностыкі і лячэння. Аднак, паўтаруся, будучыня бачыцца за страхаваннем медыцынскіх выдаткаў. Для гэтага спатрэбіцца ўмацаваць давер да такога фінансавага інстытуту, як страхаванне», – лічыць Астрэйка.