Мінфін дапускае адмену ў Беларусі акцызаў на аўтамабільнае паліва



Міністэрства фінансаў Беларусі дапускае сцэнар, пры якім дзяржаве спатрэбіцца адмовіцца ад практыкі збірання акцызаў на аўтамабільнае паліва.

„Мы ўсведамляем рэальныя рызыкі значных страт даходаў бюджэту, якія могуць наступіць на працягу трох-пяці наступных гадоў, і пралічваем меры па іх мінімізацыі”, — гаворыцца ў артыкуле намесніка міністра фінансаў Дзмітрыя Кійко, апублікаваным у часопісе ” Финансы, учет, аудит”, што выдаецца Мінфінам.

У выпадку рэалізацыі ўсіх рызык, удакладніў Кійко, бюджэт можа пазбавіцца паступленняў на суму, эквівалентную 3,8% ВУП.

Найбольш маштабным, паводле яго слоў, выклікам для бюджэту з’яўляецца „завяршэнне Расеяй „падатковага манеўру” з адмовай ад збірання вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты”. Намеснік міністра звярнуў увагу, што ў 2018 годзе бюджэт разлічвае атрымаць пошліны ад экспарту нафты ў памеры 1,3 млрд (1,2% да ВУП).

У ліку іншых выклікаў для бюджэту, адзначыў ён, „неабходнасць прыняцця ўнутраных кампенсацыйных мер па забеспячэнні эфектыўнасці нафтаперапрацоўкі”.

Паводле слоў Кійко, Мінфін разглядае сцэнар адмены акцызаў на аўтамабільнае паліва для захавання цэн для насельніцтва на прымальным узроўні.

„Для захавання прымальнага для эканомікі і насельніцтва ўзроўню рознічных цэн на паліва, магчыма, прыйдзецца цалкам адмовіцца ад збірання акцызаў на аўтамабільнае паліва, а гэта страты даходаў у памеры каля 0,7% да ВУП”, — падкрэсліў намеснік міністра.

Варта адзначыць, што ў студзені—красавіку назіралася стратная праца беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Прадпрыемствы, занятыя нафтаперапрацоўкай, у студзені—красавіку 2018 года атрымалі чыстую страту ў 142,1 млн рублёў.

Прадстаўнікі галіны раней тлумачылі журналістам, што страты беларускіх нафтаперапрацоўшчыкаў у гэтым годзе шмат у чым звязаныя з умовамі рэалізацыі нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку. Паводле дадзеных канцэрна „Белнафтахім”, у сакавіку цэны нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку, якія рэгулюе дзяржава, былі на 100—150 долараў за тону ніжэйшыя ў параўнанні з экспартнымі цэнамі на паліва.

У сувязі са стратнай дзейнасцю беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў улады сёлета прымаюць рашэнні аб паступовым павышэнні кошту паліва на ўнутраным рынку.

З пачатку года цэны на паліва ў Беларусі павышаліся дзевяць разоў, апошні раз кошт паліва на ўнутраным рынку павялічыўся 15 траўня.

У канцы мая віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заявіў журналістам, што ва ўрадзе пакуль не вызначыліся з далейшай тактыкай змянення цэн на аўтамабільнае паліва. „У абодвух НПЗ інвестыцыйная праграма — на 1,7 млрд долараў на Мазырскім НПЗ і 1,6 млрд долараў — на „Нафтане”. Іх жа трэба „адбіваць”, абслугоўваць крэдыты, і гэта трэба рабіць за кошт прыбытку заводаў”, — растлумачыў Сямашка неабходнасць прыняцця рашэнняў, якія б дазволілі выключыць стратную працу НПЗ.

belapan.by