Мінфін: Эканамічныя перадумовы для датэрміновага продажу еўрабондаў адсутнічаюць



Міністэрства фінансаў не бачыць эканамічных перадумоў для датэрміновага продажу інвестарамі беларускіх еўрабондаў. Пра гэта заявіла намеснік міністра фінансаў Вольга Тарасевіч, выступаючы 19 сакавіка на круглым стале „Пазыковы рынак Рэспублікі Беларусь”, арганізаваным расейскім агенцтвам Cbonds.

Яна падкрэсліла, што „графік плацяжоў па дзярждоўгу носіць кіраваны характар, сітуацыя з плацежным балансам з’яўляецца стабільнай”.

У гэтым кантэксце намеснік міністра звярнула ўвагу на досыць высокую даходнасць беларускіх аблігацый для інвестараў. „Беларускія еўрабонды забяспечваюць інвестарам высокую даходнасць ад 5,3% да 7% па стане на сярэдзіну сакавіка”, — зазначыла Тарасевіч.

З улікам гэтага, дадала яна, Мінфін не бачыць эканамічных перадумоў для распродажу беларускіх еўрабондаў. „Цяпер эканамічныя перадумовы для датэрміновага продажу еўрабондаў адсутнічаюць. Спадзяюся, што інвестыцыйная прывабнасць беларускіх папер захаваецца і ў далейшым”, — рэзюмавала намеснік міністра.

Нагадаем, прадстаўнікі беларускай апазіцыі дамагаюцца таго, каб заходнія інвестары адмовіліся ад беларускіх еўрабондаў з палітычных прычын.

У лютым Народнае антыкрызіснае кіраванне на чале з Паўлам Латушкам, які знаходзіцца ў Польшчы, накіравала лісты інвестфондам, якія летам 2020 года набылі беларускія еўрааблігацыі на суму 1,25 млрд долараў, з просьбай выставіць іх да датэрміновага пагашэння афіцыйным Мінскам. На думку НАК, грошы ад рэалізацыі аблігацый „пайшлі на рэпрэсіі супраць беларускага народа”.

У сакавіку дацкія інвестфонды абвясцілі аб тым, што адмовіліся ад беларускіх еўрабондаў. На мінулым тыдні Народнае антыкрызіснае кіраванне заявіла, што мае намер правесці перамовы з прадстаўнікамі аўстрыйскага банка Raiffeisen па сітуацыі з беларускімі дзяржаблігацыямі.

„Прадстаўнікі Raiffeisen выйшлі на сувязь з НАК — кампанія гатовая да перамоў з дэмакратычнымі сіламі”, — паведамляла 13 сакавіка Народнае антыкрызіснае кіраванне.

belapan.by