Мінфін хоча прыцягнуць 1 млрд даляраў за кошт выпуску аблігацый
З мэтай рэфінансавання запазычанасці па дзярждоўгу Міністэрства фінансаў у 2018 годзе мае намер размясціць дзяржаблігацыі на 1 млрд даляраў, паведаміў першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, адказваючы на пытанні журналістаў 1 лістапада.
Ён нагадаў, што на пагашэнне дзяржаўнага доўгу Беларусь у наступным годзе павінна накіраваць 2,5 млрд даляраў.
„На пагашэнне мы маем намер накіраваць 800 млн даляраў за кошт прафіцыту бюджэту. Акрамя гэтага, мы разлічваем атрымаць яшчэ два траншы крэдыту з Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на 400 млн даляраў”, — адзначыў Максім Ермаловіч, адказваючы на пытанні журналістаў у рамках дыскусіі, якая адбылася ў галерэі партала Tut.by у Менску.
Таксама ён звярнуў увагу на тое, што Мінфін запланаваў у 2018 годзе размяшчэнне валютных дзяржаблігацый.
„У тым ліку 400 млн даляраў маюць намер прыцягнуць на ўнутраным і 600 млн даляраў на знешнім рынку. Пакуль цяжка сказаць, дзе мы будзем размяшчаць бонды, але доступ існуе да ўсіх рынкаў — у меншай ступені да кітайскага; амерыканскі ж, еўрапейскі, расейскі рынкі для нас адкрытыя. Усё будзе залежаць ад цаны размяшчэння”, — падкрэсліў Максім Ермаловіч.
У 2018 годзе плацяжы па пагашэнні і абслугоўванні дзяржаўнага доўгу Беларусі чакаюцца на ўзроўні 3,7 млрд даляраў (супраць 3,4 млрд у 2017 годзе). У тым ліку каля 2,5 млрд даляраў валютнага дзяржаўнага доўгу неабходна пагасіць, яшчэ больш за 1,2 млрд даляраў — накіраваць на яго абслугоўванне.
Як паведамляў раней Мінфін, выплаты па дзярждоўгу у 2018 годзе плануецца на тры чвэрці рэфінансаваць, чвэрць — пагасіць за кошт прафіцыту бюджэту.