Мінфін: Паліва ў Беларусі падаражэе ў 2021 годзе ў сярэднім на 6%
Кошт літра аўтамабільнага паліва ў Беларусі вырасце ў сярэднім на 6% у 2021 годзе, паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падатковай палітыкі і даходаў бюджэту Міністэрства фінансаў Аляксандр Васевіч.
У сваім артыкуле, апублікаваным у апошнім нумары часопіса Мінфіна „Финансы, учет, аудит”, Васевіч звярнуў увагу, што летась стаўкі акцызаў на аўтамабільнае паліва захаваюцца на ўзроўні мінулага года.
„Гэтая мера знізіць для насельніцтва і прадпрыемстваў негатыўныя наступствы ад чарговага этапу падатковага манеўру ў Расеі, з-за якога ў 2021 годзе цэны на нафтапрадукты і так павялічацца ў сярэднім на 10 капеек за 1 літр, або на 6%”, — растлумачыў ён.
Апошні раз паліва ў Беларусі падаражэла ў мінулы чацвер, 28 студзеня, на адну капейку. Цяпер літр бензіну АІ-92-К5-Еўра каштуе 1,72 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,82 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 2,04 рубля, дызельнага паліва — 1,82 рубля.
Да гэтага паліва падаражэла 21 студзеня таксама на адну капейку.
Павышэнне цэн улады тлумачаць ростам кошту нафты.
„У студзені 2021 года адзначаецца значны рост кошту нафты на сусветным рынку. Сярэдняя каціроўка нафты маркі Brent склала 54,3 долара ЗША за бараль і ўзрасла ў параўнанні са снежаньскім узроўнем каціровак на 9%, у параўнанні з сярэднегадавым узроўнем 2020 года — на 30%. З улікам змены знешніх фактараў у студзені гэтага года кошт нафты, якая закупляецца беларускімі НПЗ, узрасла да снежня на 11%”, — адзначыў „Белнафтахім”, тлумачачы павышэнне цэн.
„У мэтах забеспячэння ўстойлівай працы НПЗ і недапушчэння рэзкіх ваганняў кошту паліва на ўнутраным рынку” канцэрн вырашыў „у студзені працягнуць цэнавую стратэгію па індэксацыі ўзроўню межавых максімальных цэн на нафтапрадукты штотыдзень не больш як на 1 капейку”, заявілі ў „Белнафтахіме”.
У 2020 годзе цэны на аўтамабільнае паліва павышалі 11 разоў (5, 12, 19, 26 студзеня, 2, 9, 16, 22 лютага, 1 сакавіка, 20 і 27 кастрычніка) і зніжалі — пяць разоў (12, 19, 25 красавіка, 3 і 10 мая). Кожны раз цану змянялі на капейку.